Сёння зачыняюцца дзяржаўныя ўстановы ЗША — няма грошай
Федэральныя ведамствы рэзка зварочваюць сваю дзейнасць з-за рознагалоссяў паміж палатамі Кангрэсу па бюджэце. 700 тысяч служачых адправяць у адпачынак
Рэспубліканская большасць у Палаце прадстаўнікоў настойвае на тым, каб рэалізацыя рэформы аховы здароўя, якую прасоўвае адміністрацыя Барака Абамы, была адкладзеная на год. Сенат, дзе большасць маюць саюзнікі прэзідэнта-дэмакрата, адрынуў праект бюджэту, у якім улічвалася гэтае патрабаванне.
Гранічны тэрмін для дасягнення кампрамісу прайшоў сёння раніцай. Пасля гэтага органы федэральнага ўраду пачалі паэтапна прыпыняць сваю дзейнасць. Да таго часу, пакуль кампраміс не знойдуць, 700 тысяч служачых федэральнага ўраду будуць знаходзіцца ў адпачынку, які ім не аплацяць. Не будуць аказвацца многія дзяржаўныя паслугі, у прыватнасці выдача пашпартоў і візаў.
Працягваецца фінансаванне толькі найважнейшых функцый — працы авіядыспетчараў, захоўвання ядзерных арсеналаў і г. д.
Як адзначае ВВС, гэта першае закрыццё федэральнага ўраду ЗША за 17 гадоў.
Фота — Reuters