Статую Свабоды ў Нью-Йорку закрылі для наведвання праз бюджэтны крызіс
Статую Свабоду і Эліс Айлэнд у Нью-Йорку закрылі для наведвання турыстамі. Экскурсіі да гэтай амерыканскай славутасці стануць даступнымі, калі дзяржарганізацыі ЗША адновяць сваю працу, паведамляюць замежныя СМІ.
Турыстаў, якія раней набылі квіткі на паром на Эліс Айлэнд, каб наведаць Статую Свабоды, просяць аформіць зварот. У працоўныя дні колькасць пасажыраў парому дасягае трох тысяч чалавек, а выручка ад продажу квіткоў — каля 55 тысяч долараў. У дні закрыцця паромная кампанія можа страціць палову свайго прыбытку.
Эліс Айлэнд з’яўляецца паркам, які фінансуецца з федэральнага бюджэту. Адпаведна, ён мае статус дзяржаўнай арганізацыі, таму ён зачынены ў сувязі з бюджэтным крызісам у ЗША.
Праца дзяржустановаў спынілася апоўначы 20 студзеня паводле паўночнаамерыканскага ўсходняга часу. Яна не адновіцца да той пары, пакуль дзве партыі не знойдуць кампраміс. Такое закрыццё ўраду азначае спыненне працы ўсіх дзяржустановаў, апроч экстраных службаў: нацыянальнай бяспекі, пошты, кантролю за паветранай прасторай, медыцынскіх стацыянараў, хуткай дапамогі, дапамогі пры стыхійных бедствах, турмаў і электраэнергетыкі. Супрацоўнікі ўстановаў адпраўленыя ў адпачынак без аплаты.
Узгадненне бюджэту сутыкнулася з патрабаваннем Дэмакратычнай партыі абараніць ад дэпартацыі 700 тысяч нелегальных мігрантаў, якія апынуліся на тэрыторыі ЗША. Раней, падчас прэзідэнцтва Барака Абамы, гэтым людзям давалі часовы легальны статус. Аднак у верасні мінулага года прэзідэнт Дональд Трамп абвясціў пра згортванне такой праграмы.
Падобная сітуацыя з закрыццём дзяржустановаў здаралася ў ЗША ў 2013 годзе — тады ўстановы не працавалі цягам 16 дзён.