У ЗША спынілі працу дзяржустановы: для іх не склалі бюджэт
Праца федэральных ведамстваў ЗША прыпыненая: дэмакраты і рэспубліканцы ў Кангрэсе не змаглі прыняць бюджэт гэтых установаў да сярэдзіны лютага. Адпаведны законапраект паспяхова прайшоў Палату прадстаўнікоў амерыканскага парламента, аднак быў адхілены Сенатам, перадае ВВС.
Праца дзяржустановаў спынілася апоўначы 20 студзеня паводле паўночнаамерыканскага ўсходняга часу. Яна не адновіцца да той пары, пакуль дзве партыі не знойдуць кампраміс. Такое закрыццё ўраду азначае спыненне працы ўсіх дзяржустановаў, апроч экстраных службаў: нацыянальнай бяспекі, пошты, кантролю за паветранай прасторай, медыцынскіх стацыянараў, хуткай дапамогі, дапамогі пры стыхійных бедствах, турмаў і электраэнергетыкі.
Супрацоўнікі ўстановаў адпраўленыя ў адпачынак без аплаты.
Узгадненне бюджэту сутыкнулася з патрабаваннем Дэмакратычнай партыі абараніць ад дэпартацыі 700 тысяч нелегальных мігрантаў, якія апынуліся на тэрыторыі ЗША. Раней, падчас прэзідэнцтва Барака Абамы, гэтым людзям давалі часовы легальны статус. Аднак у верасні мінулага года прэзідэнт Дональд Трамп абвясціў пра згортванне такой праграмы.
Падобная сітуацыя з закрыццём дзяржустановаў здаралася ў ЗША ў 2013 годзе — тады ўстановы не працавалі цягам 16 дзён.