Сёння запусціўся "беларускі Kickstarter" — вось на што можна заданаціць

Краўдфандынг

Краўдфандынг / @rubanau_collage

Сёння запусцілася краўдфандынгавая платформа Gronka, на гэтай пляцоўцы можна заданаціць на праекты беларускіх энтузіястаў, піша Dzik Pic.

Аўтараў праекта не называюць, вядома толькі, што іх падтрымала тэхнічная каманда айці-прадпрымальніка Паўла Лібера. Мэта праекта — даць магчымасць беларусам знайсці фінансаванне для сваёй ідэі праз інструмент краўдфандынгу.

"На працягу некалькіх гадоў беларусы і беларускі былі вымушаныя карыстацца глабальнымі краўдфандынгавымі платформамі і не мелі магчымасці атрымліваць дапамогу праз мясцовыя сэрвісы. Мы хочам прапанаваць сваім падтрымаць сваіх праз актуальную, зручную і эфектыўную Gronka, дзе беларускія праекты заўсёды будуць у прыярытэце. Каманда платформы кансультавалася са спецыялістамі, якія працавалі з папулярнымі, але ўжо не дзейнымі краўдфандынгавымі праектамі, а таксама вывучала досвед міжнароднага фандрайзінгу", — тлумачаць сваю ідэю прадстаўнікі платформы.

На платформе ўжо ідзе збор сродкаў на выданне перакладу на беларускую мову рамана Аляксандра Дзюма "Граф Монтэ Крыста". З незвычайных праектаў, на якія можна заданаціць — стварэнне платформы для правядзення тураў па гістарычных мясцінах Беларусі з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.

Сама платформа не бярэ камісію з аўтараў праекта. Але невялікія адлічэнні ўсё ж прыйдзецца заплаціць плацежнаму сэрвісу Stripe, праз які працуе платформа.

Да 2020 года ў Беларусі працавала некалькі краўдфандынгавых пляцовак. Сярод іх — платформа Ulej, створаная пры ўдзеле Эдуарда Бабарыкі, і краўдфандынгавая платформа Talaka.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі