Знясіленыя маральна і фінансава: гісторыі беларусаў, якія захраслі на Гоа

Турысты Мікіта Герасімовіч і Наталля Карасёва
Турысты Мікіта Герасімовіч і Наталля Карасёва

Праз адмену авіязносін паміж краінамі многія беларускія турысты дагэтуль не могуць трапіць дадому з-за мяжы. Хтосьці лае іх за бестурботнасць — маўляў, трэба было мітусіцца, пакуль самалёты яшчэ ляталі. Хтосьці, наадварот, спачувае ім і дапамагае грашыма, каб яны маглі вярнуцца дадому.

А што ж дзяржава? Яна можа паклапаціцца пра сваіх грамадзян, але з 16 красавіка — не бясплатна. Пасля таго як быў прыняты ўказ "Аб арганізацыі эвакуацыйных рэйсаў", білеты на самалёт да дома турыстам трэба купляць. Можна гэта зрабіць у крэдыт, і нават без працэнтаў. Але ўсё роўна гэта па кішэні далёка не ўсім.

"Я не магу трапіць дадому. Прапануюць адзіны эвакуацыйны рэйс з Гоа ў Мінск за $750. На жаль, такіх грошай у мяне няма. Вельмі спадзяюся на вашу дапамогу", — піша на краўд-платформе MolaMola падарожніца Аляксандра Сакалоўская. Дзяўчына пагадзілася расказаць Еўрарадыё сваю гісторыю.

Истощены физически, морально и финансово: истории белорусов, застрявших на Гоа
Аляксандра Сакалоўская / фота аўтара

Еўрарадыё: Аляксандра, раскажыце, як вам так собіла?

Аляксандра Сакалоўская: Прыляцела ў Індыю на зімоўку, пару гадоў сюды лятаю. Падзарабляю ва ўстанове менеджарам, у Мінску працавала афіцыянтам. Тут я з лістапада, нікуды не выязджала, у планах было закрыць сезон (гэта прыкладна ў пачатку красавіка) і ляцець дадому. Але з 22 сакавіка абвясцілі каранцін, спачатку на адзін дзень, потым яшчэ два, а потым на 21. І вось 15 красавіка працягнулі да 3 мая.

Цяпер закрыты ўсе ўстановы. Спачатку былі цяжкасці з купляй прадуктаў, але цяпер ёсць пэўныя паслабленні. Раніцай да 11 і ўвечары пасля заходу, як толькі сцямнее, можна выбрацца па агародніну і ў маленькія крамкі, купіць усё неабходнае. Цэны таксама тут выраслі, бо, хутчэй за ўсё, праблемы з пастаўкамі.

Абавязваюць хадзіць у масках, калі ўбачаць, што без маскі, — штраф 1000 рупій. Гэта прыкладна 1:1 да расійскага рубля. Жыву я з сябрамі, нас шэсць чалавек у доме, так танней, ды і гаспадар не чапляецца асабліва. Цяпер жыллё складана зняць, ніхто з мясцовых не хоча прымаць белых. Яны думаюць, што мы прывезлі вірус.

Еўрарадыё: Якія спробы для вяртання ўжо рабілі?

Аляксандра Сакалоўская: Было два рэйсы ў сакавіку, але кошт быў касмічны: ад 53 да 80 тысяч расійскіх рублёў [1700–2600 беларускіх рублёў. — Еўрарадыё], і гэта толькі да Масквы. Трэба было яшчэ прадставіць білет да Мінска, каб аформілі транзіт, — інакш не пускалі на рэйс.

Быў яшчэ бясплатны рэйс з Дэлі, але гэта 1900 кіламетраў ад Гоа. Паколькі ўвесь транспарт прыпынены, мы дабрацца не змаглі. Хацелі арандаваць аўтобус і гатовыя былі ехаць праз усе штаты і блокпасты, але нам не далі дазволу, каб мы маглі іх перасекчы.

Еўрарадыё: Чым тлумачаць такія цэны на білеты?

Аляксандра Сакалоўская: Я не размаўляла з прадстаўнікамі "Белавія", але ў нас ёсць чат. Некалькі хлопцаў узялі на сябе вялікую частку работы, каб дапамагчы нам выбрацца. Складалі спісы, размаўлялі з консуламі і г. д. У гэтай суполцы публікуецца ўся інфармацыя пра эвакуацыю.

Я мяркую, што цэны такія высокія праз спецыфіку рэйса, бо з Мінска не лятаюць самалёты ў Індыю. Але тады дзіўна, чаму з Дэлі быў бясплатны рэйс, які арганізавала "Белавія", а з Гоа мы павінны плаціць шалёныя грошы. Вельмі дзіўна ў прынцыпе, што самалёт паляцеў у Дэлі, бо там беларускіх турыстаў у тры разы менш, чым у Гоа.

Еўрарадыё: Ці хапае вам грошай на прадметы першай неабходнасці і ежу?

Аляксандра Сакалоўская: Працаваць я перастала з сярэдзіны сакавіка, праз каранцін прыйшлося тэрмінова закрыць установу. Кампаніяй жыць прасцей і танней. Усе скідваемся на прадукты, закупляемся і гатуем дома. Мяса мы не ядзім. Крупы і агародніна — вось асноўны рацыён.

Истощены физически, морально и финансово: истории белорусов, застрявших на Гоа
Агароднінная крама / фота аўтара

Еўрарадыё: Ходзяць чуткі, што тых, хто не выконвае рэжым каранціну, індыйскія паліцэйскія частуюць палкамі. Вам не прылятала?

Аляксандра Сакалоўская: Асабіста мяне не штрафавалі і не білі, у рэкамендаваны час я сяджу дома. Многія парушаюць каменданцкую гадзіну — і, магчыма, атрымліваюць за гэта. Паліцыя стаіць у сваёй звычайнай форме, праўда, так — з бамбукавымі палкамі. Аднойчы наткнулася на іх, калі ішла ў краму. Яны мяне спынілі і спыталі, куды я іду. Адказала, што па прадукты, і яны адпусцілі. Тут галоўнае — хадзіць у масках. Калі выконваць усе правілы (бо мы ў гасцях у іх краіне), то я думаю, што ўсё будзе спакойна.

Истощены физически, морально и финансово: истории белорусов, застрявших на Гоа
Стыхійна закрытыя гандлёвыя месцы / фота аўтара

Яшчэ тут ужо невыносна горача. Калі ветру няма, то выратаванне — толькі вентылятар і душ, але ненадоўга. На вуліцу можна выйсці толькі пасля шасці-сямі вечара, калі спякота трохі спадае.

Яшчэ некалькі турыстаў з Беларусі, з якімі ўдалося пагутарыць Еўрарадыё, дзеляцца падобнымі ўражаннямі. Сваю гісторыю расказвае Мікіта Герасімовіч, які чакае выратавальнага рэйса Гоа — Мінск.


14 красавіка ад пасольства прыйшла інфармацыя, што эвакуацыйны чартар Гоа — Мінск знаходзіцца "на фінальнай стадыі ўзгаднення", білеты пры поўнай пасадцы будуць каштаваць ад 750 долараў. Наша фінансавае становішча на той момант ужо было цяжкае. Бюджэт быў разлічаны да 7 красавіка. Усё падарожжа цалкам, уключаючы білеты, каштавала нам танней, чым білеты на эвакуацыйны рэйс. І калі я, як грамадзянін Беларусі, магу ўзяць білеты на гэты рэйс у растэрміноўку, то ў маёй жонкі такой магчымасці няма.

Нашы сябры падказалі нам ідэю — стварыць адкрыты збор сродкаў на MolaMola. Па сутнасці, для нас гэта адзіная магчымасць дабрацца дадому.

— Ужо месяц на каранціне ў Гоа, кожны дзень чакаем, што нас эвакуююць. Тут стала невыносна, — расказвае турыстка Наталля Юніцкая-Асіпенка. — Скончылася страхоўка, білеты адменены, грошы заканчваюцца. Прапанавалі рэйс па цане $750 на чалавека. Грошай такіх няма — нам параілі звярнуцца па дапамогу да знаёмых, вось так.

Яшчэ і невыносная спёка, дыхаць няма чым, паляць пластык. Знясіленыя фізічна, маральна і фінансава. Усіх замежнікаў даўно арганізавана эвакуявалі, і некаторыя краіны — бясплатна. Засталіся адны беларусы і рускія.

Мы праверылі: рэйс з Гоа ў Мінск сапраўды будзе — 25 красавіка 2020 года. І білет на яго сапраўды каштуе $750. Калі борт будзе запоўнены не на 100%, цана можа быць павялічана.

Дапамагчы тым, хто ўсё яшчэ ўдалечыні ад Беларусі і апынуўся ў нялёгкай сітуацыі, можна перайшоўшы па гэтай спасылцы. Жадаем нашым суайчыннікам хутчэй вярнуцца дадому!

Истощены физически, морально и финансово: истории белорусов, застрявших на Гоа
Закрытыя гандлёвыя месцы / facebook.com/natali.yunitskayaosipenko

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі