“Такой раскошы, як вінаград, ужо другі тыдзень у продажы няма”
Што знікла з прылаўкаў пасля таго, як Мінгандаль забараніў падымаць цэны на прадукты.
Што знікла з прылаўкаў пасля таго, як Мінгандаль забараніў падымаць цэны на прадукты.
“Вось, як вы кажаце, авакада няма, памідоры іспанскія зніклі. Беларускае ўсё ёсць. Агуркі, памідораў няма, бо яны яшчэ не выраслі. Салаты ёсць, але без лішку — раз на тыдзень. Такога, каб поўнасцю прапалі, няма”, — кажа таваразнаўца Алена з крамы “Гіпа”.
"Усё ў нас ёсць у краме, і баклажаны, і авакада — мы сушы робім, і праблем не ўзнікае. Вінаграду неяк не было, а вось завезлі цяпер”, — супакойваюць у краме “Рублёўскі”, што каля метро "Няміга". Няма ніякіх праблем з пастаўкамі — кажуць у гандлёвай сетцы “Суседзі” ў Мінску.
У сацсетках беларусы ўжо дзеляцца адно з адным, чаго раптам не знайшлі на паліцах крам: авакада, салаты, памідоры! Нават банальны вінаград знайсці няпроста.
Іду ў гандлёвы цэнтр “Карона”. Звычайна ў аддзеле садавіны і агародніны няма дзе яблыку ўпасці: тры віды памідораў, у тым ліку айчынныя, агуркі розных памераў і садавіна на любы густ.
Памідораў, вінаграду, ківі няма наогул! А замест буйных прыгожых груш — дробязь, і даволі дарагая. На паліцах манга і фейхоа — некалькі пажухлых пладоў.
“У нас такой раскошы, як вінаград, ужо другі тыдзень няма”, — кажа мне прадавец-кансультант. Калі прывязуць вінаград, дзяўчына не ведае.
Куды падзеліся памідоры, пытаюся не толькі я, але і пакупнікі, што ўзважваюць гародніну-садавіну.
“Памідораў ужо і тыдзень няма, а калі прывязуць, не ў курсе”, — кажа прадавец-кансультант. Затое беларускай малочкі ў краме навалам — купляй не хачу.
Крыху лепш ідуць справы ў аддзеле бытавой тэхнікі “Карона-тэхна”: дзе-нідзе засталіся халадзільнікі, пральныя машыны і пліты беларускай вытворчасці. Толькі-толькі прывезлі тэлевізары. Пакуль паліцы зеўраюць пустэчай, але прадаўцоў гэта не палохае:
“Што ёсць — падвозяць, — кажа мне прадавец тэлевізараў, што якраз распакоўвае новы тэлевізар LG. — Новыя тысяч на семсот даражэй! Але яшчэ не ўсё падвезлі”.