Таксіст, які ўзяў за 10 кіламетраў дарогі 63 рублі, гатовы вярнуць грошы
Таксіст-прадпрымальнік Аляксанр Стахоўскі з Минска, якому днямі вядомая піяршчыца Аляксандра Рогач заплаціла 63 рублі за дзесяць кіламетраў дарогі, прапануе акцыю “для тых, хто ў тэме”.
“Карона замак” ад борта па 1 рублі за кіламетр для тых, хто ведае, і 10 рублёў за кіламетр для тых, хто яшчэ не ў курсе. Кодавае слова “Барада 63”, — напісана на сайце прадпрымальніка, які з’яўляецца яшчэ і старшынёй незалежнага прафсаюза таксістаў “Цэнтр”.
Стахоўскі абяцае вярнуць дзяўчыне 63 рублі, калі за адну змену прапанаванай акцыяй скарыстаецца больш за 15 пасажыраў. Так бы мовіць, “у якасці падзякі за рэкламу”. Варта адзначыць, што сёння самы танны тарыф таксі па Мінску — 55 капеек за кіламетр. То бок удзел у акцыі Аляксандра Стахоўскага ўсё роўна абыдзецца пасажырам амаль удвая даражэй.
Да сваёй зніжкі таксіст прыклаў відэа, дзе разважае пра прычыны завышаных тарыфаў і шчыра дзякуе Аляксандры Рогач за атрыманы рэзананс.
Нагадаем, днямі вядомая піяршчыца Аляксандра Рогач на сваёй старонцы ў Facebook апісала гісторыю “Як з ГЦ “Замак” да вуліцы Варанянскага (~15 км) даехаць за 32 долары”. Пост дзяўчыны атрымаў вялікі розгалас і выклікаў хвалю абурэння ў карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.