Танцы з тазікамі: ад чаго залежыць, што цэнзар выкрасліць у лісце з-за кратаў

Танцы з тазікамі: ад чаго залежыць, што цэнзар выкрасліць у лісце з-за кратаў

Усе лісты з турмаў, калоній і следчых ізалятараў уважліва праглядаюць цэнзары. Робіцца гэта для таго, каб асуджаныя ці арыштаваныя не расказалі падрабязнасці справы альбо іншыя таямніцы следства.

Па так званай “справе патрыётаў” у ізалятарах часовага ўтрымання да гэтага часу знаходзіцца 14 чалавек. У сваіх лістах на волю арыштаваныя ўсё часцей расказваюць пра свае штодзённыя клопаты. Але, як высвятляецца, не ўсё з напісанага падабаецца цэнзарам. Нават калі гаворка пра звычайны дождж.

Усевалад Сцебурака атрымлівае ліст з СІЗА ад Алеся Яўдахі. І сутыкаецца з працай тамтэйшага цэнзара.

“У лісце цэнзар нешта замазаў. Думаю, дай расчытаю. Выявілася, што падчас дажджу апартаменты СІЗА па поўнай праграме залівае вадой, і насельнікі бегаюць з тазікамі...(((

Сорам! Чым дах парамантаваць, яны сарамяжліва, як школьнікі-малалеткі, літаркі закалякалі”, — піша Усевалад на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і прыкладае фота ліста.

Танцы з тазікамі: ад чаго залежыць, што цэнзар выкрасліць у лісце з-за кратаў

Лісты ад Алеся Яўдахі атрымлівае шмат хто з яго сяброў. Становіцца цікава: калі ён яшчэ некаму пісаў пра “танцы з тазікамі” па камеры падчас дажджу, то ці прайшло яно цэнзара? Пісаў і ўсё прайшло, распавядае Настасся Мацяш і паказвае тыя лісты ад Яўдахі. З тазікамі і вёдрамі!

“У другой палове дня пайшоў дождж, таму ў маіх “апартаментах” невялікі пярэпалах і танцы з тазікамі і вёдрамі”, — чытаю ў адным лісце.

Танцы з тазікамі: ад чаго залежыць, што цэнзар выкрасліць у лісце з-за кратаў
З ліста Алеся Яўдахі да Настассі Мацяш

Вы здзівіцеся, але пра дзіравы дах, праз які кроплі дажджу далятаюць да “жыхароў” СІЗА Яўдаха пісаў не аднойчы:

“...Ну і не бяды, што са столі кропае над маім ложкам. Падставіў тазік пад крапанне, і няма праблемы, дзялоў-та! :-)))”.

“...Пра тазікі ў ложку. У мяне тут у нумары 4 (чатыры) двухузроўневыя ложкі. Спім на ніжніх. Калі на мяне пачынае крапаць, то магу на ложак другога ўзроўню паставіць тазік. А калі яго не стае, проста перакладаюся на іншы ложак!”

Танцы з тазікамі: ад чаго залежыць, што цэнзар выкрасліць у лісце з-за кратаў
Танцы з тазікамі: ад чаго залежыць, што цэнзар выкрасліць у лісце з-за кратаў
Танцы з тазікамі: ад чаго залежыць, што цэнзар выкрасліць у лісце з-за кратаў
З ліста Алеся Яўдахі да Настассі Мацяш

А аднойчы было яшчэ цікавей. Ліст Алеся Яўдахі, у якім ён прасіў перадаць кнігі ў бібліятэку СІЗА, да Сцебуракі ўвогуле не дайшоў. Хаця лісты такога ж “кніжнага” зместу атрымалі і бацька Алеся, і Настасся Мацяш.

Сцебурака: “Я даведаўся пра той ліст ад бацькі яго, ад Насты, ад некага яшчэ — ускосна. Ім ён напісаў: “Што там Сева маўчыць наконт кніг?”. А якія кнігі? Аказалася, што ён пісаў, а мне ліст не дайшоў. А Настассі дайшоў”.

Чаму так атрымліваецца? Відаць, спрацоўвае  чалавечы фактар: каму адрасаваны ліст і на змену якога цэнзара трапляе праверка ліста.

Сцебурака: “Я ад Алеся атрымліваў лісты раней з гэтымі ж тазікамі. І іх ніхто не выкрэсліваў. Але тут на фразу “а ў нас дождж”, а далей закрэслена мне стала цікава: што ж чалавек піша такога? Ён мне і месяц таму пісаў: “Пачынае крапаць дождж — пайду пастаўлю тазік”. Тут жа, відаць, нейкі моцна пільны чалавек гэта ўзяў і закрэсліў. І тут, магчыма, так: Настасся персона менш публічная, а ад мяне “ўцечкі” бываюць у Фэйсбук. Можа, я там у іх лічуся не вельмі надзейным кліентам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі