Тарыфы на камуналку будуць аднолькавымі па ўсёй краіне?

Тарыфы на камуналку будуць аднолькавымі па ўсёй краіне?

25 сакавіка ўсім жыхарам Беларусі павінны прыйсці квітанцыі на аплату камунальных паслуг па новых тарыфах. Такое даручэнне аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму разам з “максімальна дапушчальнымі коштамі на камунальныя паслугі” прапісанае ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 107 "Аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

Ужо 24 сакавіка жыхарам Магілёва рассылаюць жыроўкі, палічаныя менавіта па прапісаных ва ўказе тарыфах, не зважаючы на тое, што там указаныя не абавязковыя, а “максімальна дапушчальныя кошты на камунальныя паслугі”. У выніку ў Магілёве квартплата ў стандартнай двухпакаёвай кватэры, дзе прапісаныя тры чалавекі, стала меншай усяго на 12 723,9 рубля.

Каб паспець у вызначаны тэрмін, кіраўніцтва Магілёўскай вобласці нават наважваецца на парушэнне ўсталяванай працэдуры. Справа ў тым, што аблвыканкамы і Мінгарвыканкам мусяць спачатку апублікаваць сваё рашэнне па тарыфах, у якім вызначаць кошты на камунальныя паслугі па сваіх рэгіёнах. Пры гэтым такія рашэнні мусяць прайсці ўзгадненне з Міністэрствам эканомікі і Міністэрствам юстыцыі. І толькі пасля гэтага можна друкаваць жыроўкі.

“Там ва ўказе ёсць прамая норма — выставіць па тарыфах, прапісаных ва ўказе, — здзіўляе прачытаннем указа намеснік кіраўніка Магілёўскага аблвыканкама і дадае. — Наша рашэнне павезлі ў Мінюст на рэгістрацыю”.

Але ў дзень 25 сакавіка ў Мінюсце разглядаюцца толькі рашэнні Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абласцей і Мінгарвыканкама. “Але вы ж разумееце, сітуацыя можа змяніцца ў любы момант”, — кажуць у прэс-службе міністэрства. То бок Магілёўская вобласць нават праз дзень пасля друкавання жыровак не падала сваё рашэнне па тарыфах на ўзгадненне. Але ў Мінюсце прававую ацэнку такім дзеянням не даюць і раяць спытацца ў Камітэта дзяржкантролю.

“Разумееце, у чым справа, яны ж толькі ўсё гэта зрабілі, — кажа кіраўнік упраўлення кантролю галіны гаспадаркі КДК Магілёўскай вобласці Дзмітрый Захараў. — Жыроўкі толькі прыйшлі, і мы цягам тыдня-двух будзем маніторыць сітуацыю. Нам дадзенае даручэнне. Будзем вывучаць і глядзець. Па ідэі, яны яшчэ нічога не выдалі, але я пакуль не валодаю дакладнай інфармацыяй”.

У Мінску жыроўкі будуць прыходзіць і ў выхадныя, і яшчэ на наступным тыдні. Абяцаюць, што да 29-га сакавіка ўсе жыхары сталіцы атрымаюць папяровыя квітанцыі. Але некаторыя раёны ўжо цяпер могуць аплачваць камуналку праз сістэму “Разлік”.

“Па меры таго, як завяршаецца апрацоўка дадзеных ЖРЭА і ЖКГ па канкрэтных раёнах, адбываецца і раздрукоўка, — каментуе прэс-сакратар Цэнтра высокіх тэхналогій Мінгарвыканкама Аляксандр Казлоў. — На сённяшні дзень ужо могуць аплачваць Ленінскі, Партызанскі, Кастрычніцкі і Цэнтральны раёны горада”.

Прычым, у адзіным разлікова-даведкавым цэнтры Мінгарвыканкама паведамляюць, што тарыфы на ЖКП узялі з указа кіраўніка краіны, не чакаючы ніякіх рашэнняў Мінгарвыканкама. Невялікія адрозненні па коштах у Мінскай вобласці, тут крыху меншы тарыф на перапрацоўку адкідаў. Увогуле, па інфармацыі Еўрардыё, усе вобласці ўсталявалі тыя кошты на камуналку, што прапісаныя ва ўказе. А значыць, мы будзем плаціць за паслугі аднолькава, незалежна ад таго, колькі рэальна каштуе падвод вады, газа, ды тая ж перапрацоўка ЦБА (раней тарыфы па краіне адрозніваліся). Ды і прычапіцца не будзе да чаго, гэта ж сам кіраўнік краіны месяц правяраў, узгадняў і ў выніку падпісаў… Таму не выключана, што ў наступным месяцы мы будзем зноў чакаць новых тарыфаў ды пераразліку папярэдніх жыровак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі