Таталізатар падштурхоўвае беларускіх футбалістаў "зліваць" гульні?
"Прадаваць" матчы нейкім іншым чынам у нашым футболе баяцца пасля справы Шанталосава. Затое беларускіх футбалістаў абвінавачваюць у "здачы" матча 30-гадовай даў
Вядомы савецкі футбаліст Аляксандр Бубнаў у адным з нядаўніх інтэрв'ю
распавёў пра тое, што ў 1980 годзе мінскае "Дынама" "зліла" матч
маскоўскім аднаклубнікам. Дынамаўцы сустрэліся ў 27-м туры чэмпіянату
СССР у Мінску, 9 кастрычніка 1980 года. Матч скончыўся з мінімальнай
перавагай масквічоў: 0:1. Па словах Бубнава, толькі два беларускія
футбалісты — Пудышаў і Курненін — гулялі ў поўную сілу.
"Я пра гэтую гісторыю чуў, — кажа вядомы футбольны трэнер Юрый Пунтус. —
Калі маскоўскае "Дынама" было на мяжы вылету, праз вышэйшае кіраўніцтва
МУС усё рабілася для таго, каб каманда засталася ў вышэйшай лізе.
Зразумела, што мінскае "Дынама" тады было падначаленае Маскве".
У
тым чэмпіянаце маскоўскае "Дынама" фінішавала ў двух ачках ад зоны
вылету ў першую лігу. Менавіта столькі масквічы атрымалі за перамогу ў
Мінску. Аднак Юрый Пудышаў, які гуляў той матч за мінчан кажа, што насамрэч мінская каманда сустрэчу не "здавала":
Юрый Пудышаў: "Мы проста хацелі з Курнілкам [Юрый Курненін. — ЕРБ] даказаць,
што мы добрыя футбалісты, вартыя, і дарма нас тады "паперлі" з
маскоўскага "Дынама". Хацелася даказаць, што яны былі не правыя, калі
нас выгналі. Але вельмі добра адстаяў іх варатар, Мікалай Гантар. І таму
мы ўсё ж прайгралі.
Ведаеце, як было крыўдна: я толькі 4 гульні
паспеў згуляць у "Дынама" (Масква). А пасля ў "метраполь" схадзіў, сваіх
сяброў пачаставаць "шампусікам". І мне адразу сказалі: Юра, малады ты
яшчэ па рэстаранах хадзіць, пасядзі цяпер на лаве запасных. І давялося
тады перайсці ў мінскае "Дынама". А мы тады вельмі хацелі гуляць..."
У 1980-м за мінскае "Дынама" гуляў і Людас Румбуціс.
"Я
добра памятаю гэты матч. Я выйшаў на замену, і мяне проста зламалі. Я з
Махавіком сутыкнуўся, і... Карацей, са стадыёна на "хуткай" мяне
павезлі ў лякарню. Я тады зламаў плячо! На тры месяцы выбыў з гульні. І
што, вы думаеце, што, калі здаеш матч, трэба так ламацца?"
Сёння сп. Румбуціс — прэзідэнт мінскай каманды "Партызан". Па яго словах, у сучасным беларускім футболе "дамоўныя" матчы не маюць сэнсу:
"Калі
буйныя грошы круцяцца, мае сэнс дамаўляцца. У нас у футболе не такія...
Да таго ж, калі быў Савецкі Саюз — буйная краіна — можна было факт
дамовы схаваць. А Беларусь — краіна маленькая, тут усё адразу бачна!
Вось
у нас у мінулым годзе быў матч БАТЭ — "Гомель". БАТЭ — датэрміновыя
чэмпіёны краіны. "Гомель" — каманда ў зоне вылету з вышэйшай лігі. Вось
тут, здавалася б, і дамовіцца! Але БАТЭ ні на каго не глядзіць і выйграе
3:0! А вы кажаце — "дамоўныя" гульні..."
Пра тое, што "дамоўныя" матчы ў беларускім футболе існуюць толькі на ўзроўні чутак, сцвярджае і Юрый Пудышаў, які і цяпер, у свае 56 гадоў, часам выходзіць на поле ў складзе брэсцкага "Дынама":
"Футбол беларускі — вельмі чысты. Бруду такога няма".
На думку галоўнага рэдактара газеты "Прессбол" Уладзіміра Беражкова, апошнім часам у беларускім футболе ахвочых арганізоўваць "дамоўныя" гульні сапраўды паменела:
"Наш
футбол "ачысціўся" пасля справы Валерыя Шанталосава. Пасля таго, як пры
ўдзеле газеты "Прессбол" былі выкрытыя спробы "пакупкі" матчаў
нацыянальнай зборнай Беларусі супраць Чэхіі і Малдовы, і Шанталосаву
было прад'яўленае абвінавачанне ў гэтым.
Але ён пазбег
беларускага суду, бо тады ўжо быў грамадзянінам Расіі. Справу перадалі ў
Новасібірск, дзе яна была закрытая за тэрмінам даўніны. Па
нерэабілітуючых абставінах — гэта ўсё роўна, што прысуд. І на гэтай
падставе Беларуская федэрацыя футбола прыняла рашэнне аб пажыццёвай
дыскваліфікацыі Шанталосава. Пасля такой рэакцыі, натуральна, шмат хто
пазбавіўся ахвоты ладзіць "дамоўныя" матчы. І, я б сказаў, што цяпер у
гэтым плане беларускі футбол на парадак чысцейшы, чым раней".
Па словах сп. Беражкова,
дрэнна тое, што беларускія футбалісты граюць на таталізатары і часам
праз падстаўных асобаў робяць стаўкі супраць сваіх каманд. Натуральна,
гэта раўназначна "зліву" гульні. Аднак даказаць такія выпадкі вельмі
складана, калі не сказаць — немагчыма.