Тэнісістку Марыю Шарапаву папракнулі за тое, што чытае кнігу Алексіевіч
Тэнісістку Марыю Шарапаву атакавалі "рускія патрыёты" пасля таго, як спартсменка выставіла ў Інстаграме здымак кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, якую чытае ў англійскім перакладзе.
“Перачытваю гэтую класіку”, — пракаментавала экс-першая ракетка свету свой здымак і ў адказ атрымала гнеўныя рэплікі патрыётаў Расіі.
“У гэтай Алексіевіч столькі жоўці і нянавісці да Расіі, а Машы, аказваецца, падабаецца такая цудоўная пісьменніца”, — пісалі яны.
Нобелеўскую лаўрэатку па літаратуры называлі русафобкай. Марыю Шарапаву спыталі, чаму яна чытае Алексіевіч не па-руску і параілі перайсці на раннія творы пісьменніцы, бо “пасля 2000 яна ўжо піша за грошы з-за мяжы, ачарніць усё што было ў саўку”. Таксама Шарапавай нагадалі, што яе радзіма — Расія.
Марыя Шарапава — расійская тэнісістка беларускага паходжання. Яе бацькі пераехалі з Гомеля ў Сібір пасля Чарнобыльскай аварыі, дзе і нарадзілася будучая знакамітая спартсменка.