Тэракт у Егіпце: пры нападзе на мячэць загінулі больш за 180 чалавек
У егіпецкай правінцыі Паўночны Сінай баевікі напалі на мячэць: падчас пятнічнай малітвы яны зладзілі выбух і страляніну, перадае Бі-Бі-Сі.
Пры гэтым загінулі па меншай меры 184 чалавекі, інфармуе дзяржаўнае тэлебачанне Егіпта. Яшчэ больш за 120 чалавек атрымалі раненні.
Выбух адбыўся ў мячэці Аль-Раўда за 40 км ад горада Эль-Арыш — адміністратыўнага цэнтра Сіная. Мяркуецца, што спачатку нападнікі ўзарвалі бомбу, а потым пачалі страляць па верніках.
Паводле інфармацыі Асашыэйтэд прэс, баевікі пад'ехалі да мячэці на чатырох пазадарожніках і адкрылі агонь. Міністэрства ўнутраных спраў Егіпта абвясціла іх у вышук. Прэзідэнт краіны Абдэль Фатах Сісі склікаў нараду сілавых ведамстваў.
Ніводная групоўка пакуль што не ўзяла на сябе адказнасць за напад.
Па звестках Франс прэс, ахвярамі нападу сталі мірныя жыхары, а таксама прызыўнікі, якія прыйшлі на пятнічную малітву.
Мясцовыя жыхары кажуць, што мячэць, у якой адбыўся тэракт, вядомая як месца збору паслядоўнікаў суфізму — плыні ісламу, у якой ісламскія фундаменталісты ўгледжваюць элементы ідалапаклонства.