Тэрэза Мэй — новая “жалезная лэдзі”?

Тэрэза Мэй — новая “жалезная лэдзі”?

Новым прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі стане міністр унутраных спраў Тэрэза Мэй. Пра гэта заявіў у панядзелак, 11 ліпеня, прэм'ер Дэвід Кэмеран. Ужо ў сераду ён папросіць каралеву аб адстаўцы, пасля чаго Лізавета II запросіць да сябе Мэй — адзінага прэтэндэнта на пасаду лідара Кансерватыўнай партыі. Каралева даручыць ёй як лідару парламенцкай большасці сфармаваць новы ўрад. Як паведамляе Financial Times, грузавікі, якія вывезуць рэчы Кэмерана і яго сям'і з Даўнінг-стрыт, 10, ужо замоўленыя. Такім чынам, упершыню пасля Маргарэт Тэтчэр прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі стане жанчына.

59-гадовая Тэрэза Мэй — адзін з найбольш дасведчаных дзеячаў Кансерватыўнай партыі, дачка англіканскага вікарыя, выпускніца Оксфарда са ступенню бакалаўра геаграфіі. Яна здолела даўжэй за ўсіх узначальваць самае праблемнае ва ўрадзе ведамства — міністэрства ўнутраных спраў. Мэй, як і Тэтчэр, стала актывісткай кансерватараў, калі пераступіла парог свайго 20-годдзя. Упершыню была выбраная ў Палату абшчын у 41 год (Тэтчэр — у 34). Як і Тэтчэр, да таго як ўладкавацца ва Уайтхоле, доўга працавала ў апазіцыі.

Тэрэза Мэй — новая “жалезная лэдзі”?
Маргарэт Тэтчэр. Фота: AP

Тэрэза Мэй пачынала сваю кар'еру ў палітыцы якраз у перыяд "тэтчэрызму". Гэта, безумоўна, наклала на яе адпаведны адбітак. Аднак яна кажа, што ніколі не хацела быць копіяй легендарнай жанчыны-прэм’ера. Вось як Мэй адказала на пытанне The Guardian “Ці часта Вы чуеце голас місіс Тэтчэр у сваёй галаве?":

“Я ёю захапляюся. Яна ўнікальны палітык, які на пасадзе прэм'ер-міністра здолеў развярнуць краіну на 180 градусаў. Але я не той чалавек, які чуе чужыя галасы ў сваёй галаве. У мяне няма куміраў. Я проста раблю тое, што лічу правільным".

Тэрэза Мэй выступала супраць выхаду краіны з Еўрапейскага саюза. Яна падтрымала Кэмерана, хоць сама і еўраскептык. Дарэчы, пазіцыя Мэй у дачыненні да ЕС вельмі нагадвае погляды Тэтчэр.

"Суровая праўда жыцця ў тым, што астатнія краіны Еўрасаюза маюць патрэбу ў нас больш, чым мы ў іх. Але пры гэтым я ніколі не патрабавала ляснуць дзвярыма і пакінуць ЕС, а толькі дамагалася "выключных правоў” Лондана самому выбіраць, якія з саюзніцкіх абавязанняў выконваць, а якія не”, — казала "жалезная лэдзі".

На думку дацэнта Лонданскай школы эканомікі Стыва Коўлтэра, менавіта Brexit стане для Тэрэзы Мэй першай сур'ёзнай праверкай:

"Перад Мэй стаіць задача аб'яднаць партыю, дзве траціны якой, нягледзячы на ​​пазіцыю Кэмерана, галасавалі за Brexit. Мэй ужо заявіла, што ад выхаду з ЕС адхрысціцца не атрымаецца і яна ўнікаць гэтага не будзе. Дзякуючы гэтаму яна зойме больш прагматычныя пазіцыі, чым большасць палітыкаў, якія прагнуць Brexit, і не стане так моцна раздражняць нашых еўрапейскіх партнёраў".

Параўнанне яе з “жалезнай лэдзі” заўчаснае, перакананы Стыў Коўлтэр:

"Мэй не выклікае непрыняцця ні ў адной партыйнай фракцыі, яна шэсць гадоў займала адну і тую ж пасаду, і такая паслядоўнасць вельмі імпануе кансерватарам. Акрамя таго, яна не з'яўляецца жорсткім прыхільнікам нейкай адной ідэалогіі. У гэтым плане адзінае, што яе аб'ядноўвае з Тэтчэр, — тое, што яна жанчына".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі