Тэрмін следства па забойстве Паўла Шарамета працягнулі да красавіка
Тэрмін папярэдняга следства па забойстве журналіста Паўла Шарамета працягнулі да красавіка 2020-га. Пра гэта паведаміў Офіс генпракурора Украіны. За гэты час мусяць быць праведзены дадатковыя эксперыменты і допыты. Раней следчыя прасілі працягнуць тэрмін дасудовага следства да чэрвеня, паведамляе hromadske.ua.
Шарамет — беларускі журналіст, які доўгі час жыў і працаваў у Расіі, а пасля пераехаў ва Украіну. Ён загінуў 20 ліпеня 2016 года, калі на кіеўскай вуліцы быў узарваны ў аўтамабілі. У снежні 2019-га МУС Украіны паведаміў пра раскрыццё справы. Падазраванымі па ёй праходзяць музыка і ветэран вайны на Данбасе Андрэй Антоненка, лекар і валанцёр Юлія Кузьменка ("Ліса"), вайсковая медсястра Яна Дугар, а таксама ветэраны-добраахвотнікі Уладзіслаў ("Буча") і Інна ("Пума") Грышчанкі.
Нядаўна ў інтэрнэце з'явіліся аўдыёзапісы, якія, нібыта, сведчаць пра сувязі падазраваных з СБУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.