Tesla Cybertruck будзе каштаваць у Беларусі ад 55 тысяч долараў

Tesla Cybertruck будзе каштаваць у Беларусі ад 55 тысяч долараў

З электракара Tesla Cybertruck, які 21 лістапада прадставіў Ілан Маск, працягваюць жартаваць у інтэрнэце. Аднак футурыстычны выгляд браніраванага пікапа патэнцыйных пакупнікоў не пужае: па апошніх звестках, ужо 250 тысяч чалавек зрабілі перадзамову “аўтамабіля з відэагульняў 90-х”. Мемчыкі, як бачым, працуюць на карысць Маска.

Электрамабіль будзе выпускацца ў трох варыянтах: з далёкасцю ходу 400 кіламетраў, 480 кіламетраў і 800 кіламетраў. Цэны на Tesla Cybertruck пачынаюцца ад 39 900 долараў. Самая топавая мадэль будзе каштаваць 69 900 долараў. Аднак у продажы браніраваны пікап з’явіцца толькі ў 2021 годзе.

Колькі Tesla Cybertruck будзе каштаваць у Беларусі? 

З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да бізнесмена Артура Туманава,  уладальніка першай і пакуль адзінай кампаніі, якая займаецца продажам аўтамабіляў Tesla у Беларусі.

“Калі да 2021 года не зменяцца мытныя пошліны, якія цяпер складаюць 38%, то да амерыканскага кошту смела дадавайце іх”, — кажа Туманаў. 

Простымі аперацыямі з калькулятарам атрымліваем $55 062 за самую танную мадэль і $96 460 — за топавую камплектацыю.   

Кліенты кампаніі Туманава пакуль не цікавіліся з’яўленнем навінкі ў продажы, аднак у бізнесмена ёсць знаёмы з Беларусі, які ў прыватным парадку зрабіў перадзамову, якая складае $100.  

“Аднак такая замова насамрэч нічога не значыць. Мая кампанія ўсё адно можа атрымаць машыну значна раней за любога радавога беларуса, які зрабіў перадзамову. У нас з Tesla ёсць пэўныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве”, — кажа Туманаў.

Ён удакладняе, што раней за ЗША не варта чакаць Tesla Cybertruck у Беларусі. Але цалкам магчыма, што на беларускі рынак пікап паступіць раней, чым у краіны Заходняй Еўропы.  

Ці не адпужне электрамабіль з мемчыкаў патэнцыйных беларускіх пакупнікоў?   

“Дызайн, вядома, спрэчны, але прыйдзе прызвычайванне. Мне вельмі цікава ёй пакіраваць. І я абавязкова сабе набуду такую ў поўнай камплектацыі”, — кажа Туманаў.

То-бок ужо мінімум два Cybertruck’а (адзін Туманава і адзін яго знаёмага) пасля 2021-га варта шукаць на беларускіх дарогах. 

Яшчэ ў ліпені 2018 года кіраўнік Беларусі падпісаў указ № 273 “Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў”. 

А днямі з’явілася нярадасная навіна для будучых уладальнікаў Tesla у Беларусі: Расія выступае супраць зніжэння або адмены Беларуссю пошлін на ўвоз у краіну электрамабіляў. Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі растлумачыў, што ў дзвюх краінах павінны прымяняцца адзіныя стаўкі ўвазных пошлін. Таму Беларусь не можа самастойна для сваіх грамадзян змяніць стаўкі.

“Гэта, вядома, сумна. Вельмі шкада, што мы будзем адставаць ад усяго свету. Тым больш што і ў Беларусі, і ў Расіі няма свайго рынку электрамабіляў, які трэба бараніць”, — каментуе для Еўрарадыё навіну Артур Туманаў. 

Эксперыментальны электрамабіль у Беларусі быў створаны ў 2017 годзе на базе серыйнай машыны GeelySC7. Аднак даехаць да канвеера “беларускаму адказу Tesla” не хапіла зараду.

Tesla Cybertruck будзе каштаваць у Беларусі ад 55 тысяч долараў
av.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі