Тэставанне: “Аб’ектыўны працэс паступлення” VS “Не бачым палёт думкі”

Тэставанне: “Аб’ектыўны працэс паступлення” VS “Не бачым палёт думкі”

У Мінадукацыі запэўніваюць, што тэставанне адмяняць не будуць. Да цэнтралізаванага тэставання дададуць сумоўе і падзеляць экзамен на часткі: экзамен за школьны курс і экзамен для паступлення ў ВНУ.

Сёння адзінаццацікласнік здае экзамен у школе. Гэта абавязкова. Калі ён хоча паступаць у ВНУ, то мусіць здаць тры прадметы на цэнтралізаваным тэставанні.

У 2022 годзе будзе так: У 11 класе, як і цяпер, будзе экзамен за школьны курс. Праўда, прымаць яго будуць чужыя настаўнікі (незалежныя эксперты). Дарэчы, выпускнік Мікалай, сын кіраўніка краіны, будзе паступаць ужо пры новай сістэме.

Калі школьнік будзе паступаць ва ўніверсітэт, то будзе здаваць яшчэ адзін экзамен, падзелены на дзве часткі: тэставанне і творчае заданне. Апошняе распрацуюць у ВНУ. 

Цэнтралізаванае тэставанне пачалі ўводзіць у 2004 годзе. Гэтая форма іспытаў пратрымалася 12 гадоў. Вось што пра тэставанне казалі чыноўнікі:

2004 год. Толькі ўводзяць цэнтралізаванае тэставанне.

“У грамадстве склаўся стэрэатып, што ў ВНУ без хабару паступіць немагчыма. Сёння ён сыходзіць. Менавіта тэставая форма правядзення іспытаў дазваляе сысці ад пратэкцыянізму”, — Валерый Аўсяннікаў, тагачасны дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі.

2005 год. Тэставанне існуе першы год.

"Калі я зрабіў аб'ектыўным гэты працэс уступлення ў ВНУ, я атрымаў незадаволенасць выкладчыкаў у многіх ВНУ", — Аляксандр Лукашэнка ў інтерв’ю расійскаму тэлеканалу “ТВ-цэнтр”.

2008 год. Трэці год тэставання і нарада ў кіраўніка краіны.

"Анатоль Рубінаў прывёў думку выкладчыкаў, рэктараў ВНУ і моладзі аб тым, што ўвядзенне цэнтралізаванага тэставання сябе апраўдала".

2011 год. Прадметаў на тэставанні стала больш.

"Дзеючы механізм прыёму забяспечвае захаванне законных правоў і інтарэсаў грамадзян, роўных магчымасцяў пры паступленнi", — цытата са справаздачы Мінадукацыі

2015 год.

"Калі прааналізаваць, нават папярэднія вынікі ўступнай кампаніі цэнтралiзаванага тэставання, то ў Беларусі назіраецца станоўчая дынаміка — дзеці сталі адказна ставіцца да паступлення", — міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

І нечакана…

"Пры тэставанні мы не бачым чалавека, не бачым палёту думкі, яго разважанняў", —  кажа Аляксандр Лукашэнка, 2016 год.

Апошнія два гады органы Дзяржкантролю не знаходзяць ніводнага парушэння падчас уступнай кампаніі.

Да тэставання было так: 2002 год, органы МУС выявілі 191 факт атрымання хабараў за права навучацца ў ПТВ ці ВНУ. 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі