Tibo 2014: Тэлевізар “Гарызонт” на Android і беларускі варыянт Mac mini

Сёлета на выставе Tibo “Гарызонт” выставіў новую мадэль тэлевізараў з сістэмай Android. Гэта, відаць, самая цікавая асаблівасць мадэлі, бо спампаваць з Гугл-маркета можна любую праграму. На маніторы ў 50 дзюймаў з дапамогай бесправадной клавіятуры нават атрымалася пагуляць у “Angry Birds”.

"Мы спецыяльна абралі менавіта гэтую аперацыйную сістэму, бо многія карыстальнікі знаёмыя з ёй праз мабільныя тэлефоны і гэтым мы адрозніваемся ад Samsung і LG".

Каштуе навінка з 3D і ВК маніторам у 50 цаляў 8 мільёнаў 815 тысяч рублёў.

Кампанія Tibis выставіла на стэндзе, як яны самі прызнаюцца, "свяжак" ― камп’ютары новага пакалення NUC. Квадратны корпус 12 на 12 сантыметраў і 5 сантыметраў у вышыню змяшчаецца на далоні і па характарыстыках замяняе стацыянарны камп’ютар. Праўда, такія даўно выпускае Apple.

"Тут ёсць некаторае паўтарэнне. Але мы кажам пра вытворцу, які робіць амерыканскую тэхніку на пэўнай сістэме. Тут мы прапануем рашэнне пад Windows. Плюс, для многіх арганізацый важна, каб яны былі беларускай вытворчасці".

Максімальнае энергаспажыванне у камп’ютара ― 26 ват, гэта прыкладна як адна энергазберагальная лямпа, узровень шуму да 35 дэцыбелаў, гэта як ціканне насценных гадзіннікаў альбо шэпт чалавека.

Базавая мадэль з працэсарам Celeron 2820 2.39 GHz, 4 гігабайтамі аператыўнай памяці і жорсткім дыскам 500 гігабайт каштуе ад 4 мільёнаў рублёў.

Па жаданні, могуць паставіць да 16 гігабайт аператыўнай памяці і працэсар intel CORE i5. Таксама ёсць мадэлі з SSD дыскам. Вытворцы абяцаюць, што калі яго выпадкова выпусціць з рук, нічога не зломіцца.

Ёсць варыянт корпуса з пасіўным ахаладжэннем, ён трохі большы у памерах, але не збірае пыл, бо не мае ніякіх вентылятараў унутры.

"Калі ты кажаш пра гэта сістэмным адміністратарам, яны пачынаюць плакаць і казаць: хлопцы ну нарэшце!"

Манітор падлучаецца праз HDMI, прылада мае два usb 2.0 і адзін usb 3.0 таксама гігабітны порт і wifi.

На стэндзе “Промсувязі” нічога асабліва не змянілася.

МТС для прыцягнення ўвагі дэманстравала акуляры Google. Пакарыстаўшыя новым дэвайсам, расчароўваюся.

А вось МТІС дэманструе акуляры віртуальнай рэальнасці, якія плануе пачаць прадаваць праз некалькі месяцаў. Хлопец-асістэнт чамусьці прытрымлівае усіх ахвочых іх пратэсціць.

― Нешта карцінка не вельмі якасная, ― кажу. ― Хутка вы пра гэта забудзеце. Вышыні баіцеся? ― Ну так, трошкі. ― Гэта добра.

Праз некалькі секунд, калі у віртуальным вагончыку амерыканскіх горак пачынаю падаць уніз, разумею, навошта прытрымліваць людзей. Адчуванні настолькі рэальныя, што пасля такога тэст-драйва трохі ўкачвае.

Пасля такога атракцыёна павольна даходжу да выставы робатаў. Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі Акадэміі навук дэманструе робатаў ўласнай вытворчасці.

"Плата ― цалкам наша распрацоўка. Мы дэманструем, што наша плата можа кіраваць робатамі і рабочымі органамі робатаў. Напрыклад, шасі кіруюцца платай і маніпулятар таксама. 9 траўня будзе адкрыццё чэмпіянату па хакеі, і гэтыя робаты будуць гуляць у хакей. Тры на тры ці чатыры на чатыры, паспрабуем пагуляць з імі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі