Толькі добрае: што будзе на акцыі прыхільнікаў Саюзнай дзяржавы

Валерый Драко (у цэнтры) / minskblog.livejournal.com
Валерый Драко (у цэнтры) / minskblog.livejournal.com

20 снежня на Кастрычніцкай плошчы "левапатрыятычныя грамадскія аб'яднанні Беларусі" вырашылі правесці акцыю ў падтрымку інтэграцыі з Расіяй. "Мы будзем ісці пад нашым сцягам [дзяржаўным сцягам Беларусі. — Еўрарадыё]. І магчыма, хтосьці далучыцца са сцягам Расійскай Федэрацыі, — расказвае Еўрарадыё адзін з заяўнікаў, кіраўнік грамадскага аб'яднання "За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць" Валерый Драко. — У нас будуць транспаранты, з лозунгамі толькі ў добрым плане звязанымі са стварэннем Саюзнай дзяржавы.

Раней мы выступалі з патрабаваннямі, калі разнастайныя былі гадавіны і даты. Мы гаварылі ў сваіх лозунгах: "Паскорце", "Патрабуем выканання". Але цяпер такога не будзе. Мы, па-першае, за, толькі ў падтрымку. А што там будзем падтрымліваць — пакуль невядома".

На 20 снежня запланавана сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, на якой, як мяркуецца, будзе абмяркоўвацца і "паглыбленне інтэграцыі". Паводле беларускіх законаў, падаць заяўку на вулічную акцыю трэба як мінімум за 15 дзён да запланаванай даты. Але паміж мінулымі і будучымі перамовамі Лукашэнкі і Пуціна — усяго 13 дзён. Каб усё ж атрымаць дазвол, прыхільнікі інтэграцыі накіравалі зварот кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Ігару Сергеенку.

Только хорошее: что будет на акции сторонников Союзного государства

"Апазіцыя правяла сваю акцыю "Дарога ў Еўропу". А мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Саюзную дзяржаву. І мы звярнуліся з просьбай даць дазвол на мітынг, у сувязі з тым, што 20 снежня чакаецца падпісанне дарожных картаў або нават новай дамовы, — працягвае Валерый Драко. — На цяперашні момант мы ў працэсе чакання. Мы яшчэ ні адмовы, ні дазволу не атрымалі. Таму мы пакуль не можам ніякія дзеянні праводзіць".

Калі акцыю прыхільнікаў інтэграцыі не дазволяць, яна сарвецца

"У нас няма грошай на выплату штрафаў. Мы законапаслухмяныя грамадзяне, — кажа Валерый Драко. — Калі дзяржава палічыць, што, з аднаго боку, мы ў Саюзнай дзяржаве, а з другога боку, няма патрэбы праводзіць мітынг... тут ёсць дысананс пэўны, але мы нарывацца не будзем".

Арганізатары мітынгу за інтэграцыю плануюць, што колькасць удзельнікаў будзе не меншая, чым на "апазіцыйнай акцыі". Нагадаем, праціўнікі інтэграцыі з Расіяй збіраліся ў Мінску 7 і 8 снежня. 7 снежня людзі выстраіліся жывым ланцугом ад плошчы Незалежнасці да цырка, потым мітынгавалі на Кастрычніцкай плошчы, пасля пайшлі гуляць па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Якуба Коласа.

8 снежня яны працягнулі "гулянні" і аднеслі ў расійскую амбасаду рэзалюцыю аб нелегітымнасці пагадненняў, падпісаных кіраўнікамі Беларусі і Расіі.

"Левыя" патрыёты выступаюць за далейшую інтэграцыю і стварэнне Саюзнай дзяржавы не толькі на паперы:

"Мы за Саюзную дзяржаву, ужо рэальную. А не за 20 гадоў пустых, — незадаволена заўважае Валерый Драко. — І калі будуць дакументы, што яшчэ 20 гадоў пустых, то мы гэта вітаць не будзем. Наш лозунг: наперад на стварэнне рэальнай Саюзнай дзяржавы. Але мы не ведаем пакуль нічога. У нас акцыя толькі ў падтрымку Саюзнай дзяржавы і за рэальнае выкананне ўсіх планаў. Дамова ж не выканана, нуль".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі