Топ-5: навіны 3 траўня
Шведскае радыё зрабіла расследаванне пра кантрабанду нафтапрадуктаў з Беларусі
Шведскія журналісты правялі расследаванне пра кантрабанду нафтапрадуктаў з Беларусі. Рэпарцёры атрымалі дакументы ад былога супрацоўніка КДБ Андрэя Молчана.
Дакументы асвятляюць вядомую гісторыю з пастаўкамі нафтапрадуктаў на Захад пад выглядам распушчальнікаў (каб не плаціць расійскаму боку падаткі). Журналісты прыходзяць да высновы, што да кантрабанды магло мець дачыненне “вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Беларусі”.
Крычаўскім міліцыянтам пагражаюць крымінальнай справай за паклёп. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным каментары магілёўскай абласной міліцыі. У ведамстве сцвярджаюць, што ў заявах міліцыянтаў заведама скажоная інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці.
Як паведамляла Еўрарадыё, некалькі міліцыянтаў з Крычава яшчэ ў лютым напісалі ліст міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Яны абураліся, што іх прымушаюць выконваць “план па правапарушэннях” і вяртаць прэміі. Інфармацыя трапіла ў СМІ днямі і атрымала вялікі рэзананс.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў беларускіх СМІ ёсць значны патэнцыял. Пра гэта гаворыцца ў прывітанні, якое кіраўнік дзяржавы накіраваў гасцям і арганізатарам міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”. Яна адкрылася 3 траўня ў Мінску.
Выставу наведаў і наш журналіст Павел Свярдлоў, які задаў некалькі пытанняў міністру інфармацыі. На наўпроставае пытанне Еўрарадыё, ці з'яўляюцца ўсё ж такі сацсеткі сродкамі масавай інфармацыі, міністр адказала: "Не, сацсеткі — гэта не СМІ".
Дэпутатка Ганна Канапацкая прапанавала дэпутатам Парламента ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Заява прагучала на сустрэчы ў парламенце па пытаннях смяротнай кары.
Ганна Канапацкая заклікала калегаў узяць на сябе адказнасць і правесці тлумачальную працу ў грамадстве, што смяротнае пакаранне не ўплывае на крымінагенную абстаноўку ў краіне, і выступіць з закадаўчай ініцыятывай – увесці мараторый.
З 20 траўня набывае моц забарона народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка на ратацыю і выкананне шэрагу песень яго аўтарства. Цяпер выконваць кампазіцыі Ханка можна будзе толькі пасля атрымання дазволу аўтара і набыцця на гэта правоў.