Топ-5: навіны 31 сакавіка

Топ-5: навіны 31 сакавіка

Каля будынка КДБ затрымалі Паўла Севярынца і яшчэ трох чалавек

Каля будынка КДБ у Мінску затрымалі Паўла Севярынца і яшчэ трох чалавек. Яны прыйшлі на акцыю ў падтрымку палітзняволеных.

Севярынец толькі паспеў дастаць партрэт лідара маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча, якога затрымалі па так званай "справе баевікоў". Пасля гэтага Севярынца пасадзілі ў мікрааўтобус і звезлі. Гэтаксама затрымалі і яго паплечніка Анатоля Кудласевіча.

Акрамя таго, АМАПаўцы затрымалі актывістку Ніну Багінскую і яшчэ адну жанчыну, якая прадставілася як “сяброўка затрыманага па "справе баевікоў" Волкава”.

Топ-5: навіны 31 сакавіка
Фота: Еўрарадыё

Раніцай 31 сакавіка адначасова ў двух мінскіх офісах тэлеканала "Белсат" прайшлі ператрусы. Сталічныя міліцыя паведаміла, што гэта звязана з "фактам незаконнага выкарыстання таварнага знаку".

Тым часам, прадстаўнік тэлеканала Аляксей Мінчонак звязвае ператрус і канфіскацыю  тэхнікі з асвятленнем пратэстаў, якія прайшлі па краіне цягам сакавіка.

Топ-5: навіны 31 сакавіка
Фота: belta.by

Па справе “Белага легіёна” затрымалі ўжо 29 чалавек. У пятніцу стала вядома пра чарговага фігуранта гучнай справы. Бацькі пакуль не хочуць называць яго імя ў СМІ. Вядома, што ён родам з Бабруйска, скончыў гістарычны факультэт і аспірантуру. Яго юрыдычны статус пакуль не вядомы.

Таксама ў пятніцу з’явілася інфармацыя, што абвінавачанні выставілі як мінімум шасці затрыманым па справе “Белага легіёна”. Сярод іх Зміцер Дашкевіч. Усіх вінавацяць ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Гэты артыкул прадугледжвае да 3-х гадоў пазбаўлення волі.

Топ-5: навіны 31 сакавіка
Фота: twitter.com/viasna96

31 сакавіка выйшаў на волю праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён прабыў за кратамі тры гады.

Нагадаем, што Бандарэнку асудзілі на 4 гады за злоснае хуліганства ў дачыненні трох грамадзян, але пакаранне паводле амністыі было скарочана на год. Бандарэнка прызнаў віну часткова. На свабодзе ён кіраваў праваабарончым праектам “Платформа”.

Топ-5: навіны 31 сакавіка
Фота Паўла Свярдлова

Рэклама канцэрта Лявона Вольскага з'явілася ў мінскім метро. Яе можна пабачыць на станцыі метро "Кастрычніцкай". Ёсць таксама вялізны рэкламны шчыт на станцыі метро "Няміга". 

Сам канцэрт адбудзецца 8 траўня ў віленскім клубе VakarisVilnius. Арганізатары абяцаюць, што 50 чалавек, якія адсядзелі 10 і больш сутак за Дзень Волі, змогуць трапіць на канцэрт бясплатна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі