Топ-5: навіны 4 траўня
Арганізатары хакейнага чэмпіянату прынеслі прабачэнні беларускай камандзе
За інцыдэнт на парыжскім вакзале беларускім хакеістам свае прабачэнні прынеслі прэзідэнт Федэрацыі хакея Францыі Люк Тардзіф і прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель. Пра гэта інфармуе Беларуская федэрацыя хакея.
Нагадаем, што 3 траўня Французская паліцыя правяла вобшук асабістых рэчаў беларускіх хакеістаў, трэнераў, урача, якія прыехалі для ўдзелу ў чэмпіянаце свету.
У выніку кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі нават выклікала пасла Францыі для разбіральніцтва ў інцыдэнце.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для кітайцаў Беларусь — самая блізкая краіна ў Еўропе. У чацвер у Палацы Незалежнасці ў Мінску адбылася сустрэча кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі СМІ Кітая. Гаворка ішла найперш пра беларуска-кітайскія адносіны.
Актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля асудзілі на 15 сутак арышту. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода". Афнагеля затрымалі 3 траўня. Цяпер ён знаходзіцца ў турме на Акрэсціна.
Нагадаем, што актывсіт удзельнічаў у недазволенай акцыі 1 траўня. Дарэчы, яшчэ адзін удзельнік гэтай акцыі Вячаслаў Сіўчык сёння таксама асуджаны на 15 сутак.
У Расіі абвясцілі новыя, больш жорсткія правілы нашэння георгіеўскай стужкі. З новымі правіламі выступіў усерасійскі грамадскі рух "Валанцёры Перамогі".
Паводле новых правілаў, стужку можна прымацаваць толькі на верхняй частцы вопраткі. Не дазваляецца прымацоўваць яе на антэну аўтамабіля і на сумку, як гэта можна было рабіць раней.
Футбольная зборная Беларусі захавала ў рэйтынгу FIFA 78-ю пазіцыю з 206-ці. Абноўлены варыянт рэйтынгу з’явіўся ў чацвер, 4 траўня. Такім чынам, Беларусь дзеліць 78-е месца разам са зборнай Кеніі, у іх па 428 ачкоў.
Сярод лідараў рэйтынгу зменаў не адбылося. Першае месца ў спісе займае Бразілія. Далей ідуць Аргентына, Германія, Чылі ды Калумбія.