Топ-5: навіны 8 лютага
"Беларускі след" у расследаванні забойства Паўла Шарамета
У справе забойства Паўла Шарамета ўкраінскія праваахоўнікі знайшлі "беларускі след". Гэта вынікае з інфармацыі, якая прагучала 8 лютага на спецыяльным брыфінгу ў Кіеве.
Следчыя заявілі, што асноўнай версіяй забойства вядомага журналіста лічыцца яго прафесійная дзейнасць. А міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў распавёў, што на сённяшні дзень справа змяшчае 150 тэрабайтаў інфармацыі, па ёй дапыталі 1800 сведкаў.
У самаабвешчанай "ДНР" забілі палявога камандзіра Міхаіла Таўстых, больш вядомага пад пазыўным "Гіві". Раніцай 8 лютага па ім быў зроблены стрэл з агнямёта "Чмель". Кіраўнікі "ДНР" заявілі, што за забойствам стаяць украінскія спецслужбы.
Міністэрства замежных спраў Расіі расчараванае тым, што Беларусь выдала Азербайджану блогера Аляксандра Лапшына. У сваёй заяве расійскі МЗС адзначае, што гэтае рашэнне Мінска не адпавядае "духу саюзніцкіх адносінаў паміж Расіяй і Беларуссю".
Паведамляецца, што расійскае знешнепалітычнае ведамства зробіць усё магчымае, каб абараніць правы расійскага грамадзяніна і хутчэй вярнуць яго дадому.
Беларуская ўрадавая дэлегацыя паедзе ў Маскву на перамовы па цане на расійскі газ. Пра гэта паведаміў намеснік міністра энергетыкі нашай краіны Вадзім Закрэўскі. Па яго словах, адбудзецца гэта "ў бліжэйшы час". Але канкрэтную дату чыноўнік не назваў.
Таксама пакуль не вядома, калі дакладна адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Па словах прэс-сакратара расійскага прэзідэнта, бакі так і не змаглі ўзгадніць канкрэтную дату сустрэчы.
8 лютага ў мінскім выставачным павільёне “Белэкспа” распачаў працу 24-ы Міжнародны кніжны форум. Адкрываў мерапрыемства новы міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.
Карэспандэнт Еўрарадыё запытаў у чыноўніка, якую апошнюю кнігу ён прачытаў. Апынулася, што цяпер міністр адукацыі перачытвае “Яўгенія Анегіна”, якога беларускія школьнікі праходзяць у дзявятым класе.