Траіх жыхароў Чачэрска прысудзілі да калоніі за налепленыя стыкеры
У судзе Чачэрскага раёна вынесены прысуд па справе траіх маладых мясцовых жыхароў — Вадзіма Дзенісенкі, палітзняволенай Рыты Зотавай і Мікіты Хількевіча.
Суддзя Павел Цыганок прысудзіў Вадзіму 2,5 года калоніі агульнага рэжыму, Рыце і Мікіту — па 2 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Нагодай для суда сталі некалькі стыкераў. Маладыя людзі наляпілі іх на тэрыторыі мясцовай школы па дарозе з вечарынкі. Дырэктарка школы Вольга Цалко выклікала на моладзь міліцыянтаў.
Дарэчы, Рыта Зотава наляпіла толькі адзін стыкер, што не зменшыла тэрміну яе пакарання.
Вадзім Дзенісенка расказаў, што падчас запісу "пакаяльнага відэа" яго прымусілі сказаць на камеру: "ГУБАЗіК вас усіх знойдзе". Яму пагражалі стукнуць палкай, калі ён не скажа гэтую фразу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.