Трактарыст малатком стукаў па снарадзе, ён узарваўся (фота)

У вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымаў мясцовы жыхар. Трактарыст на тэрыторыі зернесховішча біў малатком па будаўнічым патроне, адбылася дэтанацыя. Адзін з металічных аскепкаў параніў 59-гадовага мужчыну ў жывот.

Вось што распавяла Еўрарадыё афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова:

"Снарад ён паставіў на супрацьвагу трактара і двойчы ўдарыў па ім малатком. Гэта ў сваю чаргу прывяло да выбуху. Як потым патлумачыў пацярпелы, ён проста вырашыў паглядзець, што адбудзецца. У выніку неабдуманага ўчынку мужчыне спатрэбілася тэрміновае ўмяшальніцтва медыкаў. У дадзены момант ён знаходзіцца ва установе аховы здароўя".

Па словах пацярпелага, снарад ён знайшоў на вуліцы каля месяца таму. Навошта ён яго падабраў, мужчына растлумачыць не змог.

Для ўстанаўлення ўсіх падрабязнасцяў здарэння Ганцавіцкі раённы аддзел Следчага камітэту праводзіць праверку.

Фота: sk.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі