Трамп паабяцаў не даваць грошай Украіне, калі стане прэзідэнтам ЗША — Орбан

Дональд Трамп

Дональд Трамп / EPA

Калі Дональд Трамп зноў зробіцца прэзідэнтам ЗША, ён не будзе даваць грошай Украіне на абарону ад расійскай агрэсіі. Гэта сцвярджае прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. У інтэрв'ю тэлеканалу M1 ён расказаў пра сваю размову з Трампам у яго маёнтку ў штаце Фларыда. Са слоў Орбана, у былога прэзідэнта ЗША ёсць "дастаткова падрабязныя планы, як пакласці канец" вайне ва Украіне.

"Калі Дональд Трамп зноў зробіцца прэзідэнтам, то ён не захоча фінансаваць бяспеку еўрапейцаў і не падтрымае вылучэнне Злучанымі Штатамі грошай Украіне на вядзенне вайны", — заявіў прэм'ер Венгрыі. Трамп, паводле Орбана, мяркуе, што Еўропа ў адзіночку не зможа падтрымліваць Украіну, таму канфлікт завершыцца. Прэм'ер-міністр Венгрыі таксама адзначыў, што такая пазіцыя Трампа "шмат у чым супадае з венгерскімі планамі". Акрамя таго, Орбан звярнуў увагу журналістаў, што рэспубліканцы ўжо цяпер перашкаджаюць дэмакратам у Кангрэсе вылучаць грошы Украіне, хоць Трамп яшчэ не выйграў выбары. Раней падчас перадвыбарнай гонкі Трамп ужо казаў, што мог бы спыніць вайну за 24 гадзіны.

Нагадаем, у ЗША цяпер праходзіць перадвыбарная кампанія, ідуць праймерыз, на якіх вядучыя партыі краіны — дэмакратычная і рэспубліканская — вызначаюцца з кандыдатамі. Эксперты схіляюцца да меркавання, што амерыканцам у канчатковым выніку зноў давядзецца выбіраць паміж дэмакратам Джо Байдэнам і рэспубліканцам Трампам. Выбары ў ЗША пройдуць 5 лістапада 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі