Трэба дамагацца вызвалення беларускіх ваяроў з расійскага палону — Рада БНР
Каліноўцы на фронце
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з 104-мі ўгодкамі Слуцкага збройнага чыну. "70 гадоў савецкага ладу змянілі наш народ, — канстатуе яна ў звароце. — Не ў галаве было думаць пра волю, незалежнасць і нашыя адвечныя беларускія карані. Трэба было выжыць. І дзеля гэтага маўчалі мы і чакалі. Тады гэта рабілі ўсе паняволеныя Масквой народы. Але бальшыня з іх адрадзіліся. Нашае адраджэнне дзеля розных прычынаў патрывала толькі тры гады [1991-1994]. Дабравольна пайшоў зноў народ у няволю, з якой не можа вызваліцца ўжо 30 гадоў".
Сурвіла заклікае памятаць пра нашых продкаў, якія разумелі каштоўнасць свабоды і змагаліся за незалежнасць Беларусі. А таксама дапамагаць тым, што абараняе ад расійскага агрэсара Украіну, "бо гэта адначасна і змаганне за незалежнасць Беларусі".
"Мы павінны дамагацца вызвалення беларускіх ваяроў з расійскага палону, неадкладнага вызвалення былога каліноўца Васіля Верамейчыка, міжнароднага прызнання правоў беларускіх вэтэранаў змагання з Крамлём і іх сем’яў, — піша старшыня Рады БНР. — Перакананая, што ў будучыні ўлады вольнай Беларусі павінны ўзнагародзіць беларускіх абаронцаў Украіны".
27 лістапада беларусамі адзначаюцца ўгодкі Слуцкага збройнага чыну (Дзень Герояў). У лістападзе 1920-га на Случчыне пачаліся баі войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі з Чырвонай Арміяй (беларуска-савецкая вайна). Сфармаваныя пераважна з сялянаў падраздзяленні да канца 1920-га ваявалі за незалежнасць Беларусі.
Івонка Сурвіла верыць, што "прыйдзе час, калі Бог вызваліць нас ад чужой навалы і сваіх здраднікаў". Аднак не ўпэўненая, што сама дажыве да яго. Ёй ужо 88 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.