Трэнер "Шахцёра": Усе пытанні павінны быць да мяне
Лідар чэмпіяната Беларусі па футболе салігорскі "Шахцёр" прайграў "Судуве" з Марыямпале і выбыў з Лігі Еўропы. Пасля нулявой нічыі на сваім полі "краты" правялі няўпэўнены матч у гасцях, прайграўшы 2:1. Прычым увесь другі тайм "Шахцёр" гуляў удзесяцёх, а вырашальны гол прапусціў у дададзены час.
"У першым тайме "Судува" добра гуляла, добра рухалася. Другую палову яны правялі слаба. Наша задача была ў тым, каб у першым тайме не прапусціць, бо мы ведалі, што ў другім тайме ў нас будуць моманты. На жаль, выдаленне зблытала нам карты і сапсавала нашыя задумы. І нашыя перастраенні, так скажам, былі не запланаваныя, — каментуе вынік матча трэнер "Шахцёра" Алег Кубараў. — "Судува" стала менш актыўнай пасля перапынку. Акрамя таго, вы ж разумееце, што другім нумарам [зраўняўшы лік — 1:1 — "Шахцёр" адыйшоў у абарону, бо па суме двух матчаў праходзіў у другі кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы, дзякуючы голу ў гасцях. — Еўрарадыё] заўсёды лягчэй гуляць: ззаду ўсё перакрылі і ў суперніка ўжо ўзніклі праблемы ў будаванні. Стваралі яны са стандартаў.
Не хачу нікога вінаваціць, усе пытанні павінны быць да мяне. Раз вынік адмоўны, значыць, нешта мы зрабілі не так".
"Мы недзе меркавалі, як будзе дзейнічаць супернік. У першай палове гулялі вельмі добра, стваралі ціск — адчувалі вялікі пазітыўны зарад, — падзяліўся ўражаннямі ад матча трэнер "Судувы" Уладзімір Чабурын. — У першым тайме мы не дазвалялі "Шахцёру" карыстацца сваімі лепшымі якасцямі, хоць сапернік вельмі добрага ўзроўню: і ў гульнявым плане, і ў плане дысцыплінаванасці на полі. Мы павялі, выдаленне, потым прапусцілі неабавязковы гол. Хоць "Шахцёр" гэты гол стварыў у добрай атацы. У другім тайме мы хаця і гулялі ў большасці, аддалі ініцыятыву "Шахцёру"... Паўтаруся, гэта вельмі добрая каманда: навучаная, майстравітая. Гэта было відаць ужо тады, калі мы да іх рыхтаваліся і разбіралі. Але, напэўна, сёння быў наш дзень. Усіх з перамогай!"