Трэнер з Полацка фатаграфуе сваіх гадаванцаў з літарамі Z на целах
Беларускія паблікі, прысвечаныя адзінаборствам, 25 ліпеня абляцелі свежыя фатаздымкі з акаўнта дырэктара полацкага спартыўнага клуба "Патрыёт". У летніку ў Краснадарскім краі Сяргей Фірсаў сфатаграфаваў сваіх непаўналетніх гадаванцаў з нанесенай на целы літарай Z — сімвалам вайны, якую развязала Расія.
Як піша "Трыбуна", Фірсаў — падпісант праўладнага ліста спартоўцаў.
У яго біяграфіі спартовыя журналісты выявілі хлусню пра гучныя спартыўныя дасягненні. На сайце спартклуба "Патрыёт" паведамляецца, што ён трэніруе адразу ў шасці відах адзінаборстваў — самба, баявое самба, дзюдо, самаабарона, грэплінг і MMA. Тамсама Фірсава называюць "пяціразовым пераможцам Кубка свету па дзюдо", хаця ў спісе рэальных пераможцаў яго няма.
У сваім акаўнце ў Інстаграме ў студзені 2021-га ён заявіў, быццам мае золата чэмпіянату свету па самба. Выявілася, што гэты тытул Фірсаў прыпісаў сабе за перамогу ў 2020 годзе на спаборніцтве пад назвай "Чэмпіянат свету па самба сярод майстроў на прызы Саюзнай дзяржавы". З сапраўдным чэмпіянатам свету гэты турнір не мае нічога агульнага. ЧС-2020 прайшоў у сербскім Нові-Садзе, дзе ў вагавай катэгорыі Фірсава (да 100 кг) золата ўзяў беларус Андрэй Казусёнак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.