Трэнерку зборнай Беларусі па фігурным катанні не пусцілі ў Расію
Таццяна Бяляева
Трэнерку зборнай Беларусі па фігурным катанні Таццяну Бяляеву не пусцілі ў Расію. Прычынай стала яе грамадзянства — спецыялістка нарадзілася ў Адэсе і мае ўкраінскі пашпарт. Бяляева планавала прысутнічаць на спаборніцтвах сярод юніёраў у Магнітагорску з удзелам сваіх падапечных — Вікторыі Пласконнай і Уладзіслава Сыціка, піша "Спорт-экспрэс".
"Ну і навошта ў дадзенай сітуацыі казаць, што спорт па-за палітыкай, калі ляціць трэнер з дэлегацыяй, са спартсменамі, з камандзіровачным пасведчаннем і білетамі назад, з запрашэннем ад расійскага боку і маецца від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь? — абураецца ў каментары выданню Таццяна Бяляева. — Пратрымалі мяне сем гадзін у аэрапорце, выдалі паперу "выдварэннe" з тэрыторыі Расіі. Слова якое! Дзякуй, што ў расiйскім фігурным катанні ёсць сябры і маіх дзяцей не кінулі ў гэтай складанай для іх сітуацыі".
Па словах трэнеркі, летась яна ўжо сутыкалася з падобным. У Шарамецева яе пратрымалі 12 гадзін, але на спаборніцтвы ў РФ усё ж пусцілі. Цяпер жа ёй сказалі, каб да заканчэння вайны ва Украіне нават не спрабавала ўязджаць у Расію.
Бяляева аднак не змірылася з такой сітуацыяй і будзе звяртацца да спартыўных функцыянераў, каб яны дапамаглі ёй вырашыць праблему.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.