Тры беларускія гурты паўдзельнічалі ў першым міжнародным трыб’юце The Pogues
27 гуртоў з усяго свету запісалі свае версіі хітоў The Pogues. Першы афіцыйны міжнародны трыб’ют культавых кельтык-панкаў даступны для вольнага праслухоўвання. Сярод удзельнікаў са Злучаных Штатаў, Англіі, Інданэзіі, Чэхіі, Украіны, Нарвегіі, Славеніі, Італіі ды Расіі апынуліся і тры беларускія калектывы — гарадзенцы Dzieciuki ды мінчане “Всё CRAZY і Crow Dog Clan.
“Без гэтага гурта не было б увогуле кельтык-панка, — тлумачыць свой удзел лідар Dzieciuki Алесь Дзянісаў. — І для фолк-панка ён таксама зрабіў вельмі шмат. Бо гэта гурт, які першым пачаў выкарыстоўваць у панк-року банджа, мандаліну, ірландскія народныя матывы… таму ён мае вельмі вялікае значэнне для фолк-панка”.
Песню "Streams Of Whiskey" Dzieciuki выбіралі па прынцыпе “зрабіць кавер менавіта на хіт The Pogues”. Але пры гэтым музыкам хацелася зрабіць мастацкі пераклад, таму да працы быў прыцягнуты паэт Андрэй Хадановіч.
“У выніку тэкст атрымаўся на палову беларускі, на палову ірландскі, трошкі шатландскі, бо там узгадваецца Johnny Walker, а гэта шатландскі віскі, — распавядае Дзянісаў. — Прыпеў фактычна атрымаўся адзін у адзін, а ўсё астатняе — крыху па матывах “Ладдзі роспачы” Уладзіміра Караткевіча”.
The Pogues — англа-ірландскі фолк-панк-гурт, утвораны ў 1982 годзе ў Лондане Шэйнам МакГоўэнам, які стаў вядомы у другой палове 80-х гадоў, перш за ўсё дзякуючы альбомам "Rum Sodomy & the Lash", "If I Should Fall from Grace with God" і "Peace and Love".
The Pogues першымі спалучылі панк-рок і ірландскую народную музыку, выкарыстаўшы ў сваіх аранжыроўках вістл, банджа, акардэон і мандаліну, інструменты, якія асацыююцца з традыцыйнай кельцкай фолк-музыкай.
А вось гурту “Всё CRAZY” давялося шукаць песню сярод больш позняй творчасці The Pogues, бо ўсе асноўныя хіты ўжо былі разабраныя. Песню "My Baby's Gone" музыкі выбралі, бо яна найбольш адпавядае іх музычным і лірычным перавагам.
“Перадгісторыя песні: памерла дзяўчына і гэтак далей, — распавядае лідар гута Антон Сіроцін. — Але мы не любім такую цемру, таму мы крыху пераасэнсавалі сыход дзяўчыны. Добра гэта ці дрэнна, вырашаць слухачам. Але гэта не даслоўны пераклад і нават не блізкі да тэксту. Мы проста напісалі новую песню на зададзеную тэму. Нягледзячы на няшчасны агульны канцэпт, атрымаліся такія ірландскія памінкі — мы смуткуем, гэта вялікая страта, але давайце нап’ёмся і павесялімся”.
На постсавецкай прасторы не вельмі шмат гуртоў, якія працуюць у кельтык-панк-стылістыцы. А калектывы сумежных напрамкаў, на думку стваральніка, наўрад ці справіліся б з задачай, бо творчасць The Pogues наскрозь прасякнутая ірландскім фолкам. Таму і было прынятае рашэнне замахнуцца на міжнародны ўзровень.
“Памятаю, узімку я пазнаёміўся з амерыканцам Grinning Beggar з Paddy Rock Radio, — распавядае стваральнік трыб’юта, жыхар Навасібірска Уладзімір Кіпелаў. — Ён напісаў мне, што рыхтуе яшчэ адзін трыб'ют The Pogues, але ў яго ўсё на пачатковай стадыі. Так што, будзем чакаць яшчэ аднаго трыб'юта на "бацькоў"! Ад мяне на тую складанку збеглі французы Toxic Frogs. Ну бог ім суддзя, як той казаў. Вядома, гэта не спаборніцтвы, але ўсё адно прыемна ўсведамляць, што мы наперадзе планеты ўсёй”.
Трыб'ют The Pogues на фізічных носьбітах не выдаваўся, бо, як лічаць ініцыятары складанкі, дыскі для продажу цяпер мала каго цікавяць, але пазней магчыма з’явіцца невялікая партыя CD для вузкага кола спажыўцоў. Самі музыкі The Pogues трыб’ют таксама атрымалі, але пакуль нічога пра яго не выказвалі.
Трэк-ліст праекта:
- 01. The Cloves and The Tobacco feat. Cathy Shannon (Інданэзія) — Curse of Love
- 02. ShamRocks (Украіна) — Wild Unicorns of Kilkenny (Wild Cats of Kilkenny)
- 03. Dzieciuki (Беларусь) — Не Саскочу! (Streams Of Whiskey)
- 04. Craicheads (Англія) — Sally MacLennane
- 05. Craic Haus (ЗША) — A Pair of Brown Eyes
- 06. Happy Ol' McWeasel (Славенія) — Sunny Side of the Street
- 07. Middle Class Bastards (Расія) — Big City
- 08. O'Hamsters (Украіна) — Лiжко Кухулiна (The Sick Bed of Cuchulain)
- 09. Greenland Whalefishers (Нарвегія) — Birmingham Six
- 10. Kelush and the Bastards feat. Chris Dutchak (Украіна) — Fairytale of New York
- 11. Harley McQuinn (Расія) — London Girl
- 12. Benjaming's Clan (Чэхія) — The House of Gods
- 13. Dirty Artichokes (Італія) — The Rake at the Gates of Hell
- 14. Real Blackbeards (Расія) — Солдат и Колдун (Sea Shanty)
- 15. CRAIC (ЗША) — Sayonora
- 16. Troty (Польшча) — Bottle of Smoke
- 17. Forgotten Generation (Інданезія) — Rain Street
- 18. Amach (Украіна) — Transmetropolitan
- 19. The Working Class Symphony (Інданэзія) — Fiesta
- 20. БНД (Расія) — Boys From County Hell
- 21. The Humble Hooligans (ЗША) — Turkish Song of the Damned
- 22. Red Box (Расія) — If I Should Fall from Grace with God
- 23. Rum Rebellion (ЗША) — Boat Train
- 24. Всё_CRAZY (Беларусь) — Ты ушла (My Baby's Gone)
- 25. Drunken Fairy Tales (Расія) — Плот Медузы (The Wake of the Medusa)
- 26. Crow Dog Clan (Беларусь) — Oretown
- 27. Kozlobar (Расія) — The Battle of Brisbane
Скачаць Tribute to The Poguesможна тут.