Ты не абавязаны жыць дрэнна. Украіна развівае малы бізнес — чаму мы не можам?
Чаму ва ўкраінскім райцэнтры можна выпіць фільтр-каву, а ў беларускім — не?
Шведскі добраахвотнік Раўта быў страшна незадаволены ўкраінскай кавярняй у маленькім закарпацкім мястэчку Свалява. Занадта вялікі, пакутліва складаны выбар кавы! У адказ на запыт "big and black" (вялікая і чорная) барыста на добрай англійскай прапануе яму ацаніць зерне з Сальвадора і параўнаць іх водар з зернем Нікарагуа. Якая пакута!
Маладыя бізнесоўцы могуць разлічваць на грант ад дзяржавы, але Вікторыя па яго не звярталася — кажа, гэта "доўга і нудна".
Мы спрабуем высветліць у мясцовых жыхароў, з чым звязаны бум развіцця малога бізнесу ў невялікім горадзе. Вікторыя смяецца і кажа, што маладыя бізнесоўцы глядзелі на ўжо існы бізнес — і хацелі зрабіць гэтаксама.
Дырэктар гатэльнага комплексу "Конча Заспа" Фёдар Іванавіч Тацей упэўнены, што гэта звязана з блізкасцю Еўропы і еўрапейскім менталітэтам жыхароў Закарпацця.
— Нейкай асаблівай палёгкі для бізнесу ў нас не было. Хіба што спрошчаная сістэма падаткаабкладання для малога і сярэдняга бізнесу. Я думаю, бум развіцця сферы паслуг звязаны хутчэй з тым, што на генетычным узроўні мы — еўрапейцы. Толькі ў 1946-м годзе Закарпацце далучылі да Украіны, а да гэтага мы былі ў складзе Аўстра-Венгрыі і Чэхаславакіі.
Горад знаходзіцца блізка да мяжы, і нашы людзі часта ездзяць у Еўропу, бачаць, як развітая гэтая сфера там. Моладзь з'язджае ў асноўным на 3-4 месяцы, зарабляе грошы, вучыцца нечаму — напрыклад, пячы смачныя пірожныя, гатаваць добрую каву — і вяртаецца дадому, каб рэалізоўваць свае навыкі тут.
Вядома, першы год вайны па бізнесе ўдарыў моцна, нічога новага не адкрывалася. Але цяпер усё адраджаецца, у тым ліку дзякуючы перасяленцам з усходняй Украіны, бо сярод іх шмат людзей, у якіх была свая справа там, і цяпер яны перавезлі бізнес у цэнтральную і заходнюю Украіну.
Стаўленне да бізнесу на заходняй Украіне больш лаяльнае, бо мясцовыя ўлады бачаць ад яго прамую карысць для ўсіх, лічыць Фёдар Іванавіч.
— Цяпер ва Украіне з'явілася новая тэрытарыяльная адзінка — грамада. І кожная грамада сама для сябе зарабляе грошы. То-бок усе падаткі ідуць у грамаду, і грамада сама размяркоўвае гэтыя грошы.
Напрыклад, Сваляўская грамада атрыманыя ад падаткаў таго ж бізнесу грошы можа пускаць на добраўпарадкаванне рэгіёна, на рамонт дарог, садкоў, школ... і таму мясцовыя ўлады ведаюць: калі бізнес працуе — гэта добра для ўсіх.
"Ва Украіне зацвярджаюць усё — толькі рабіце"
Беларуская валанцёрка Карына Пацёмкіна нарадзілася ў Салігорску, але пасля пратэстаў у Беларусі з'ехала ва Украіну і жыла пад Кіевам у невялікіх мястэчках, якія цяпер вядомыя ўсяму свету — у Бучы і Ірпяні.
Калі мы стэлефаноўваемся з Карынай, яна збіраецца гатаваць чахахбілі — бо да гэтага часу ўспамінае рэстаранчык ў маленькім Ірпяні, дзе каштавала самую смачную грузінскую кухню. У Салігорску, які называюць беларускім Лас-Вегасам, няма ніводнай рэстарацыі грузінскай кухні, параўноўвае Карына.
Ці проста ў беларусаў мала ініцыятывы і ім не хочацца развіваць бізнес у рэгіёнах? Наш суразмоўца не згодны: у беларускіх рэгіёнах на сферу паслуг проста няма попыту.
— Паколькі насельніцтва мігруе з сельскіх населеных пунктаў у гарады, дзе ёсць развітая сацыяльная і камунальная інфраструктура, магчымасці развіцця бізнесу ў сельскай мясцовасці істотна абмежаваныя. У якасці прыкладаў развіцця бізнесу ў рэгіёнах можна прывесці дзейнасць прыватных нарыхтоўшчыкаў, якія дапамагаюць насельніцтву падтрымаць даходы за кошт збору дзікарослых ягад, грыбоў, лекавых раслін. Але гэта хутчэй прыватны выпадак і мае ярка выражаны сезонны характар.
Былі спробы ствараць рэгіянальную інавацыйную інфраструктуру, але яна хутка трансфармавалася ў звычайную арэнду офісных памяшканняў. Разам з дэградацыяй навуковай сферы ў Беларусі магчымасць падтрымаць рэгіянальнае развіццё за кошт стварэння так званых рэгіянальных інавацыйных кластараў практычна адсутнічае.
Можа, нешта можна зрабіць для развіцця бізнесу ў рэгіёнах ужо цяпер, не чакаючы наступлення новай, лепшай Беларусі?
— Для таго каб развіваўся прыватны бізнес, дзяржава павінна забяспечыць стабільнае падатковае асяроддзе, магчымасць атрымаць крэдыт для развіцця бізнесу і забяспечыць эфектыўную барацьбу з карупцыяй у рэгіёнах. Ні па адным з гэтых параметраў Беларусь пры рэжыме Лукашэнкі не можа забяспечыць нармальнае развіццё дзелавога асяроддзя.
Паводле складанасці атрымання крэдыту Беларусь знаходзіцца на 104 месцы ў сусветным рэйтынгу вядзення бізнесу, які складае Сусветны банк; паводле паказчыкаў складанасці выплаты падаткаў — на 99 месцы.
Паводле індэксу ўспрыняцця карупцыі, які ацэньвае Transparency International, Беларусь знаходзіцца на 91 месцы разам з Калумбіяй і Малдовай. З пункту гледжання кошту крэдытаў, малы і сярэдні бізнес у 2023 годзе прыцягваў крэдыты пад 9,84% гадавых, паводле статыстыкі Нацыянальнага банка Беларусі. Пры гэтым, напрыклад, рэнтабельнасць продажаў па Беларусі ў сярэднім склала ў 2023 годзе 7,4%.
Калі мы апынемся ў новай, лепшай Беларусі будучыні і захочам, каб бізнес у рэгіёнах развіваўся, перш за ўсё трэба будзе адмяніць дзяржаўнае рэгуляванне цэн і вярнуць магчымасць рэгістрацыі ў якасці ІП.
— У новай Беларусі неабходна прымаць стратэгію рэгіянальнага развіцця, якая ў іншых краінах атрымала назву стратэгіі прасторавага развіцця (Spatial development strategy) і з'яўляецца найважнейшым нацыянальным стратэгічным дакументам, што тычыцца прасторавага кіравання краінай. Яна стварае ўзаемасувязь паміж мэтамі прасторавай палітыкі і рэгіянальнай палітыкі, дае магчымасць комплексна і на доўгатэрміновай аснове вырашаць праблемы збалансаванага развіцця рэгіёнаў.
Напрыклад, у Фінляндыі на рэгіянальным узроўні рэалізуецца праграма цэнтраў экспертызы, якая з'яўляецца асноўным інструментам рэгіянальнай інавацыйнай палітыкі ў рамках нацыянальнай стратэгіі росту. Гэтая праграма збірае рэсурсы на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях, выкарыстоўвае экспертаў найвышэйшага ўзроўню, умацоўвае рэгіянальныя перавагі і досвед і паглыбляе супрацоўніцтва паміж цэнтрамі прафесійных ведаў. Па праграме было вылучана 13 нацыянальных кластараў, якія ўключалі 21 цэнтр прафесійных ведаў. Кластары і цэнтры прафесійных ведаў акумулююць перадавы вопыт у кожнай галіне ведаў.
На каго арыентавацца?
На Фінляндыю і Аўстрыю. Алег Мазаль упэўнены, што менавіта з гэтымі краінамі ў Беларусі больш за ўсё агульных пачатковых параметраў.
— У гэтых краінах развітыя сельская і лясная гаспадарка, падобная колькасць насельніцтва. І гэтыя краіны характарызуюцца высокімі паказчыкамі якасці дзяржаўнага кіравання.
Для параўнання, эфектыўнасць урада ў Фінляндыі складае 96,7%, у Аўстрыі — 93,8%, у Беларусі — 19,8%, якасць рэгулявання ў Фінляндыі ацэньваецца на ўзроўні 97,2%, у Аўстрыі — 87,3%, у Беларусі — 7,6%.
Можна браць у якасці ўзору падыходы да ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы, напрыклад, у Фінляндыі і спрабаваць рэалізаваць гэтыя падыходы ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.