У 2023 годзе па пуцёўках за мяжу з'ездзіла паўмільёна беларусаў

У аэрапорце

У аэрапорце / pixabay.com

Летась у арганізаваныя туры за мяжу з'ездзіла 501,2 тысячы грамадзян Беларусі. На гэтыя звесткі Белстата звярнуў увагу рэсурс Reform.by. Пры гэтым замежных арганізаваных турыстаў у краіну прыехала ў два разы менш — крыху больш за 233 тысячы чалавек.

Беларусы адпачывалі за мяжой у сярэднім 8 дзён, а замежнікі ў Беларусі — 4 дні.

Адзначым, што ў параўнанні з дакрызісным 2019 годам колькасць беларусаў, якія выязджаюць па пуцёўках за мяжу, скарацілася амаль у два разы. У 2019 годзе за мяжой арганізавана адпачылі 982 935 чалавек. Тады яшчэ лёталі самалёты і хадзілі цягнікі ў краіны ЕС, не было вайны ва Украіне, і пералёт у Турцыю і Егіпет не быў такім доўгім і дарагім. У топе напрамкаў у 2019 годзе былі Егіпет ( 258 715), Турцыя (155 700) і Украіна (146 981). Расія з паказчыкам 61 530 турыстаў была на чацвёртым месцы і крыху саступала Балгарыі.

Амаль у два разы больш у 2019-м было і замежных турыстаў. Беларусь у той год наведалі 405 472 чалавекі. Большасць з іх (217 837) была з Расіі. Таксама ў топе былі Літва (76 060), Польшча ( 61 349) і Латвія (10 478).

У 2023-м, мяркуючы з лічбаў, беларусы аддавалі перавагу падарожжам унутры краіны. Такія туры выбралі 1,76 мільёна жыхароў Беларусі, у тым ліку 1,62 мільёна абмежаваліся аднадзённымі паездкамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі