У Арменіі пройдзе рэферэндум па далучэнні да Еўрасаюза

Нікол Пашынян

Нікол Пашынян / Primeminister.am

Урад Арменіі ўхваліў закон аб правядзенні рэферэндуму па далучэнні да Еўрасаюза. Разам з тым Нікол Пашынян заклікаў не рабіць паспешных крокаў.

Раней Цэнтрвыбаркам Арменіі зацвердзіў подпісы за правядзенне рэферэндуму пра далучэнне да ЕС, піша kavkaz-uzel.eu. За яго падтрымку было сабрана 60 тысяч подпісаў пры неабходных 50 тысячах. Іх зборам, які завяршыўся 25 кастрычніка 2024 года, займалася "Платформа дэмакратычных сіл". У яе ўваходзяць партыі "Рэспубліка", "У імя Рэспублікі", "Еўрапейская партыя Арменіі", "Хрысціянска-дэмакратычная партыя" і шэраг арганізацый.

На пасяджэнні ўрада прэм'ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што ўрад не супраць гэтай ініцыятывы. Але Арменія можа быць чальцом ЕС, толькі калі прапанова набярэ патрэбную колькасць галасоў. Таксама Пашынян дадаў, што трэба абмеркаваць і распрацаваць сумесную з ЕС "дарожную карту", а да яе стварэння рабіць нічога не трэба.

У якасці крокаў па збліжэнні паміж Арменіяй і ЕС ён назваў працэс лібералізацыі віз, а таксама ўцягванне Арменіі ў "Еўрапейскі інструмент міру".

Ініцыятыву армянскіх палітыкаў няўхвальна пракаментаваў прэ-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Паводле яго, быць адначасова ў ЕАЭС і Еўрасаюзе немагчыма, а ЕАЭС, маўляў, дае насельніцтву Арменіі "вельмі станоўчыя дывідэнды".

13 сакавіка дэпутаты Еўрапарламента ў сваёй рэзалюцыі прапанавалі разгледзець магчымасць надання Арменіі статусу кандыдата ў чальцы Еўрасаюза. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі