У атацы на аэрадром у Растоўскай вобласці знішчана не менш за 6 самалётаў — СМІ
Наступствы атакі на ваенны аэрадром
На расійскім аэрадроме Марозаўск у Растоўскай вобласці ў выніку начной атакі беспілотнікаў знішчана як мінімум 6 самалётаў. Пра гэта паведамляе ўкраінскі рэсурс Hromadske са спасылкай на інфармаваную крыніцу.
Яшчэ 8 самалётаў, са слоў крыніцы, атрымалі істотныя пашкоджанні. Ёсць загінулыя і параненыя сярод расійскіх салдат. Суразмоўца Hromadske ўдакладніў, што атаку на аэрадром Марозаўск зладзіла Служба бяспекі Украіны разам з вайскоўцамі і сіламі абароны. Адзначым, што на аэрадроме ў Марозаўску базаваліся франтавыя бамбавікі Су-24, Су-24М, Су-34. Гэтыя самалёты здольныя несці кіраваныя авіябомбы, якімі Расія атакуе Украіну.
Нагадаем, раней сёння Міністэрства абароны Расіі паведаміла пра знішчэнне і перахоп 53 беспілотнікаў. 44 з іх збілі над Растоўскай вобласцю. Губернатар рэгіёна Васіль Голубеў пераконваў, што пашкоджаная толькі электрападстанцыя, размешчаная ў Марозаўскім раёне. Хоць шэраг расійскіх рэсурсаў са спасылкай на відавочцаў ужо тады пісаў, што цэллю быў мясцовы вайсковы аэрадром. Пра "прылёты" і выбухі, у прыватнасці, паведамляў са спасылкай на відавочцаў тэлеграм-канал "Осторожно, новости".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.