У Бабруйску хуліганы разбілі міліцэйскі аўтамабіль
У Бабруйску хуліганы разбілі міліцэйскі аўтамабіль. Рабілі яны гэта ў прысутнасці міліцыянераў. Як інфармуе сайт bobrlife.by, здарэнне адбылося апоўначы 21 чэрвеня. Супрацоўнікі мясцовага аддзела Дэпартамента аховы патрулявалі на машыне горад. Каля адной з кавярняў яны пабачылі групу маладых людзей і вырашылі, што сярод іх могуць быць непаўналетнія. Аднак падлеткаў там не было. Праваахоўнікі правяралі дакументы ў прысутных маладых людзей, а ў гэты момант двое з іх пачалі рукамі і нагамі наносіць удары па міліцэйскай “Джылі”, найбольш былі пашкоджаныя дзверы.
Аднаго зламысніка, 24-гадовага мясцовага жыхара, які раней меў праблемы з законам, затрымалі на месцы, іншы ўцёк і яго знайшлі толькі на наступны дзень. У крыві першага было выяўлена 1,7 праміле алкаголя. У адносінах затрыманых распачалі крымінальную справу, артыкул — “хуліганства, здзейсненае групай асоб ці паўторна”. Маладым людзям пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.