У "Банку развіцця" распавялі, калі выплацяць працэнты па еўрааблігацыях

У 2019 годзе беларускі "Банк развіцця" выпусціў еўрабонды на суму 500 млн долараў / pixabay.com
У 2019 годзе беларускі "Банк развіцця" выпусціў еўрабонды на суму 500 млн долараў / pixabay.com

У "Банку развіцця" патлумачылі, з чым звязаная затрымка выплат па еўрааблігацыях, і калі плануюць выплаціць працэнты. Нагадаем, трымальнікі еўрабондаў павінны былі атрымаць чарговы даход 2 лістапада 2022 года. Аднак не змаглі гэта зрабіць. Грошы на выплату працэнтаў былі пералічаныя агенту Citibank, N. A., London Branch своечасова, гаворыцца ў каментары "Банка развіцця". Аднак брытанцы вырашылі пракансультавацца з Упраўленнем па ўжыванні фінансавых санкцый Вялікабрытаніі (OFSI).

У выніку "нягледзячы на шматлікія звароты эмітэнта і шэрагу трымальнікаў, Citibank устрымліваўся ад прадастаўлення інфармацыі аб лістападаўскай выплаце". Акрамя таго, напярэдадні наступнай выплаты — 2 траўня 2023 года — плацежны агент таксама "не падаў запэўніння, што ўсе наступныя плацяжы, звязаныя з еўрааблігацыямі, будуць накіраваныя трымальнікам без чарговай затрымкі". У Citibank паабяцалі толькі да 9 мая правесці лістападаўскі плацёж, але "па стане на 10 мая 2023 года эмітэнт не валодае дадзенымі аб атрыманні купона трымальнікамі", кажуць у"Банку развіцця".

У выніку ў беларускім банку вырашылі перанесці ўсе астатнія выплаты працэнтаў на дату пагашэння еўрааблігацый. Гэта будзе 2 мая 2024 года.
Нагадаем, на мінулым тыдні рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла рэйтынг беларускага "Банка развіцця" ў замежнай валюце да пераддэфолтнага ўзроўню С. Падставай сталі як раз праблемы з выплатамі працэнтаў па доларавых еўрааблігацыях.

Пяцігадовыя еўрабонды на суму 500 млн даляраў са стаўкай 6,75% гадавых беларускі "Банк развіцця" размясціў у 2019 годзе. Траціну выпуску купілі інвестары з ЗША, яшчэ траціну — з Вялікабрытаніі. 26% аблігацый набылі інвестары з кантынентальнай Еўропы, астатнюю частку — інвестары з Азіі і іншых рэгіёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі