У БАТЭ ў Лондане збіўся графік
Графік перадматчавай падрыхтоўкі БАТЭ збіўся з-за складанасцяў у Лондане, паведамляе прэс-служба барысаўскага футбольнага клуба.
Нагадаем. што сёння барысаўскія футбалісты ў групавым раўндзе Лігі Еўропы сустракаюцца з англійскім "Чэлсі" ў Лондане. Напярэдадні БАТЭ вылецела ў Вялікабрытанію.
Палёт заняў тры гадзіны. На аэрадроме Гатвік праз недахоп месца на стаянцы самалёт Embraer-175 з Мінска загналі ў дальні кут. Гэтая акалічнасць папсавала ўвесь графік каманды, падкрэслівае прэс-служба. Барысаўскім футбалістам давялося доўга ехаць на шатле да патрэбнага тэрмінала. Акрамя таго, зацягнуліся і атрыманне багажу, і праходжанне мытных працэдур.
Футбалісты засяліліся ў гатэль Copthorne Tara, а ўвечары правялі трэніроўку на стадыёне "Стэмфард Брыдж".
Сённяшняя гульня пачнецца а 22-й гадзіне паводле беларускага часу.
Пасля двух тураў "Чэлсі" — лідар групы: ён мае 6 ачкоў. У БАТЭ і ПАОК — па 3 ачкі, у венгерскага "Відзі" ачкоў няма.