У БДЭУ пакрыўджаным абітурыентам абяцаюць месцы тых, каго адлічаць на сесіі

Сёлета Эканамічны ўніверсітэт запусціў інавацыю: аўтаматычная сістэма залічэння, калі абітурыент абірае да 20 спецыяльнасцяў і праходзіць на іх па прыярытэце. Такое залічэнне ўжо некалькі гадоў праводзіць Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. 


Але на справе сістэма спрацавала па іншаму:

"Першым прыярытэтам я пісала "бізнес-адміністраванне", у выніку туды не прайшла па балах. А другім пісала "лагістыку", але туды не прайшла бо там не было вольных месцаў", — апісвае абітурыентка.


У выніку яна набрала больш за 360 балаў і прайшла толькі на "статыстыку", дзе былі вольныя месцы. Значыць, сістэма залічэння ў Эканамічным скануе па балах толькі першую спецыяльнасць у прыярытэтах. А пасля шукае вольныя месцы на іншых спецыяльнасцях.

У той час як сістэма залічэння ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі бярэ бал кожнага абітурыента і скануе, куды ён з гэтым балам трапляе.


Такіх пакрыўджаных абітурыентаў Еўрарадыё знайшло каля 10, размаўляць ніхто не хоча, бо стаміліся, расстроеныя. У выніку ім паабяцалі магчымасць перавесціся, калі будуць вольныя месцы.


"Звычайна з першага курса адлічаюць студэнтаў. Так нам сказаў прарэктар. І пры наяўнасці вольных месцаў мы зможам перавесціся", — спадзяецца абітурыентка.


У найлепшым выпадку ёй год давядзецца вучыцца на "статыстыцы", дзе самы высокі бал, апроч яе, 310. А на "лагістыцы", якую абітурыентка ўказвала другой у прыярытэце, з яе баламі 5 чалавек на 25 вольных месцаў. То бок калі б сістэма працавала так, як ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, яна б прайшла.


Значыць, адных выганяць, а іншых перавядуць. Пры гэтым падчас паступлення абітурыентам не патлумачылі, як насамрэч працуе сістэма залічэння. Паспрабуем разабрацца.


Як высвятляе Еўрарадыё, Эканамічны ўніверсітэт не браў распрацаваную Універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі сістэму, якая паспяхова працуе некалькі гадоў. БДЭУ ўзяў за аснову распрацоўкі і дарабіў самастойна.
"Сістэма тая ж, але алгарытм залічэння іншы, сістэму адаптуюць пад кожную ВНУ", — тлумачаць ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.


Але калі пачытаць правілы залічэння на сайце Эканамічнага і БДУІР, то яны аднолькавыя і агульныя для ўсіх ВНУ. Не знаходзім на сайце БДЭУ і тлумачэння, як працуе "інавацыйная" сістэма залічэння.


У Эканамічным універсітэце тым часам з журналістамі не размаўляюць спаслаўшыся на занятасць. Дзяржкантроль праводзіць праверку: ці былі парушэнні падчас залічэння. Перад абітурыентамі ніхто так і не выбачыўся. Ці з’явяцца вольныя месцы паля сесіі — невядома.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі