У Беларусь прывозілі Ерамеева, абвінавачанага ў тэракце на БАМе
Сяргей Ерамееў
У Беларусь на следчыя дзеянні прывозілі Сяргея Ерамеева, затрыманага ў Расіі па абвінавачванні ў тэракце на БАМе. Відэа з ім паказалі на тэлеканале АНТ увечары 1 красавіка.
У тэлесюжэце заявілі, быццам увосень Ерамееў забраў выбуховыя прылады з тайніка ў Драгічынскім раёне, перавёз іх у Наваполацк і схаваў у гаражы. На відэа ў гараж мужчыну вядуць два супрацоўнікі КДБ: адзін вядзе яго на ланцугу, другі трымае пісталет каля галавы.
Таксама ў гэтым тэлесюжэце згадалі масавыя затрыманні ў Драгічыне ў сярэдзіне студзеня. Праваабаронцы казалі пра шэсць затрыманых, а на АНТ паведамілі пра 12 затрыманых. Ім інкрымінуюць перапраўку выбухоўкі з Украіны, якую трымалі ў хованках. Пры затрыманні супрацоўнікі КДБ выкарысталі агнястрэльную зброю, аднаго з затрыманых паранілі ў нагу. Вядома, што сярод затрыманых два браты — Дзмітрый і Аляксандр Капузы, іх цёзка Уладзімір Капуза, а таксама жонка Дзмітрыя Вольга Капуза. Іх вінавацяць у тэрарызме.
Як паведамлялася раней, 29 і 30 лістапада на БАМе загарэліся два цягнікі. Па абвінавачанні ў тэракце 7 снежня расійскія сілавікі затрымалі 52-гадовага грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева. Раней мужчына працаваў на наваполацкім "Нафтане", у лістападзе 2020-га ўдзельнічаў у страйку. Вядома, што пэўны час пасля арышту Ерамееў быў у маскоўскім СІЗА "Лефортава". Дзе ён знаходзіцца цяпер — невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.