У Беларусі адкрылі дэпазіты на сямейны капітал амаль на 68 млн долараў
У Беларусі ў сакавіку-верасні 2015-га адкрылі дэпазіты на сямейны капітал на 67,91 млн долараў. Новаўвядзеннем скарысталіся 6791 грамадзянін нашай краіны. У верасні было адкрыта 1487 дэпазітных рахункаў. Гэта не самы лепшы вынік, у ліпені іх адкрылі 1510. Пра гэта паведаміла БЕЛТА кіраўніца аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера Лабковіч.
За гэты перыяд было адмоўлена толькі 27 заяўнікам. У чатырох выпадках заявы падаваліся запозна.
Cямейны капітал, новы від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў, у Беларусі быў уведзены з 1 студзеня 2015 года. Пры нараджэнні трэцяга ці наступнага дзіцяці грамадзянка нашай краіны атрымлівае безнаяўныя 10 тысяч долараў. Іх можна выкарыстаць на паляпшэнне жыллёвых умоваў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя. Праграма будзе дзейнічаць да 31 снежня 2019 года. Больш падрабязна гл. тут.
Фота: ria.ru