У Беларусі аднавілі доступ да наркасайта… з-за новага закона

Самы папулярны сайт, праз які прадаюць спайсы, працягвае свабодна адкрывацца з Беларусі, без тор-браўзэраў і ананімайзераў.

Журналіст Еўрарадыё на правах звычайнага грамадзяніна накіраваў у Міністэрства інфармацыі запыт з пытаннем, чаму доступ да рэсурсу не абмяжоўваюць. У хуткім часе з ведамства прыйшоў нечаканы адказ, падпісаны намеснікам міністра Уладзімірам Матусевічам. Аказваецца, рашэнне па наркатычным сайце было прынята аж 14 студзеня. Пасля дакумент “быў накіраваны ў Дзяржаўную інспекцыю Рэспублікі Беларусь па электрасувязі для ўключэння дадзенага інфармацыйнага рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу”.

Мінула тры месяцы, а наркасайт, нягледзячы на афіцыйнае рашэнне, працуе. Як гэта магчыма?

Гандаль на наркасайце: прадаецца што хочаш і за любыя грошы

У панядзелак, 13 красавіка, заходзім на сайт. Зрабіць гэта настолькі ж лёгка, як наведаць старонку Федэрацыі футбола. Наркааб’явы на сайце абнаўляюцца ўвесь час.

Напрыклад, у 13.58 прапаноўваюць грам парашку за 68 долараў. Праз некалькі хвілін з’яўляецца аб’ява ад канкурэнтаў, якія прадаюць “мікс, крыстал і маркі”. Дыяпазон коштаў ад 40 да 1400 долараў. Праз дзясятак хвілін яшчэ адна наркакрама рэкламуе сябе слоганам “ёсць усё”. Толькі па Мінску цягам сутак выстаўляюцца дзясяткі аб’яў. Далей схема продажу выглядае даволі простай. Наркаспажыўцы праглядаюць аб’явы і звязваюцца з дылерамі пры дапамозе простых праграм. Наркотыкі аплачваюць праз тэрміналы ў супермаркетах. Дарэчы, электронныя кашалькі дылераў пад кантроль ўзяць таксама не здолелі.

Пасля аплаты гандляры падкладаюць наркотык у схованкі-закладкі. І праз нейкі час пакупнікі забіраюць адтуль смяротны тавар. Такім чынам, дылеры штодня распаўсюджваюць наркотыкі кілаграмамі.

Дзіўнае непаразуменне паміж Мінінфармацыі і Мінсувязі

Дадаткова звязваемся з Мінінфармацыі. Там пацвярджаюць, што ў сярэдзіне студзеня рашэнне наконт закрыцця сайта сапраўды было накіравана ў Мінсувязі, дзе рэсурс першапачаткова заблакавалі.

“Што адбывалася далей — гэта іх адказнасць”, — выказвае меркаванне кампетэнтная службовая асоба з Мінінфармацыі. Таксама да выканаўцаў у Мінсувязі нядаўна накіравалі ліст з просьбай забяспечыць выкананне ранейшага рашэння. І цяпер той ліст акурат знаходзіцца на разглядзе.

Звязваемся з Дзяржаўнай інспекцыяй па элетрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (БелДІЭ). Менавіта тут тэхнічна выконваюць рашэнні наконт абмежавання доступу. На гарачай лініі ведамства дасціпна тлумачаць праблему.

Аказваецца, калі прымалася рашэнне па наркарэсурсе, дзейнічаў адзін закон. Праз некалькі тыдняў пасля блакавання законы змяніліся. Набыла моц новая пастанова ААЦ і Мінсувязі №6/8. Пасля гэтага забароненыя раней рэсурсы былі выключаны са спісу абмежаванага доступу.

“Таму што пастанова, паводле якой іх забаранялі, ужо не дзейнічала. Новага рашэння ці нейкіх іншых рашэнняў па дадзеным рэсурсе Мінінфарм не прымаў, — паведамляюць у БелДІЭ. — Мы ў Мінінфарм накіравалі ліст з просьбай альбо прыняць новае рашэнне, альбо паведаміць нам, што рабіць з тымі рэсурсамі, якія знаходзіліся ў спісе абмежаванага доступу да 26 лютага. Вынікаў пакуль няма”.

Такім чынам, з-за непаразуменняў самы папулярны наркарэсурс Беларусі працягвае працаваць. Натуральна, калі нават доступ быў абмежаваны, некаторыя спажыўцы знаходзілі спосабы трапіць на сайт. Хоць заяўлялася, што пастанова №6/8 паспрыяе і таму, што беларусы не змогуць карыстацца ананімайзерамі і праграмамі кшталту Tor. Праўда, сёння ў гэта верыцца мала.

Сама сітуацыя з наркасайтам  наводзіць на думкі: калі дзяржава не можа вырашыць праблему з доступам да гэтага папулярнага рэсурсу, як яна плануе абрэзаць наркарынак да мінімуму. Затое, зусім нядаўна са спасылкай на новую пастанову доступ абмяжоўваўся да папулярных інфармацыйных сайтаў і СМІ.

Фота computing.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі