У Беларусі асвоілі на імпартазамяшчэнне 900 млн рублей з расійскага крэдыту

Адным з атрымальнікаў расійскіх грошай стала прадпрыемства "Гомсельмаш" / gomselmash.by

Адным з атрымальнікаў расійскіх грошай стала прадпрыемства "Гомсельмаш" / gomselmash.by

Беларускія прадпрыемствы ўжо асвоілі 900 млн рублёў расійскага крэдыту, выдадзенага на імпартазамяшчэнне. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык у эфіры Беларускага тэлебачання. Грошы падзялілі паміж сабой тры прадпрыемствы — "Гомсельмаш", Мінскі падшыпнікавы і Беларускі металургічны заводы. А ўсяго ўзгоднена 14 праектаў, якія могуць разлічваць на фінансаванне.

Пархомчык адзначыў, што рэалізаваць праекты за расійскія грошы трэба як мага хутчэй, таму што "калі не мы, то хтосьці гэтую працу выканае за нас". У прыватнасці, "Гомсельмашу" трэба нарасціць выпуск камбайнаў. Летась прадпрыемства выпусціла 2,5 тысячы машын, а трэба імкнуцца да лічбы ў 3,5-4 тыс камбайнаў у год, кажа чыноўнік. Імпартазамяшчальны праект "Гомсельмаша", паводле яго слоў, як раз і павінен садзейнічаць павелічэнню аб'ёмаў.

"Інвестпраект, які мы цяпер рэалізоўваем па "Гомсельмашу", вырашае дзве задачы: павелічэнне вытворчасці камбайнаў на самім прадпрыемстве, і мы падставілі плячо "Растсельмашу", — кажа Пархомчык. Па словах віцэ-прэм'ера, гомельскае прадпрыемства ў цяперашні час дапамагае "вырабляць неабходныя кампаненты, вузлы, дэталі для камбайнаў, якія ўсталёўваюцца ў Растове на тэхніку "Растсельмаша".

Нагадаем, пагадненне аб выдзяленні расійскага крэдыту на імпартазамяшчальныя праекты ў Беларусі было падпісана ў лістападзе 2022 года. Памер крэдыту складае каля 1,5 мільярда долараў (105 мільярдаў расійскіх рублёў). Тады ішла размова аб 12 праектах. Пры гэтым кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка казаў, што 1,2 мільярда долараў будзе накіравана на грамадзянскія праекты, а каля 200 мільёнаў долараў — на вайсковыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі