У Беларусі беспілотнікі шукаюць самагоншчыкаў, а ў Германіі — графітыстаў

У пачатку кастрычніка стала вядома пра новы і даволі нестандартны падыход беларускай міліцыі ў барацьбе з самагоншчыкамі. Тады ўпершыню самагонныя апараты адшукалі з дапамогай беспілотнікаў.

Аказваецца, што ў розных краінах беспілотнікі выкарыстоўваюць, як толькі могуць. Напрыклад, у Германіі з іх дапамогай палююць на… графітыстаў, якія замалёўваюць цягнікі.

“Deutsche Bahn (галоўны чыгуначны аператар Германіі. заўв. Еўрарадыё) спадзяецца, што іх новыя, падобныя да Бонда, верталёты, чырвоныя з фірмовым лагатыпам, будуць у стане выявіць і зняць на відэа графітыстаў і вандалаў на месцы злачынства”, — так апісваў увесну амбітны праект нямецкай чыгункі таблоід Bild.

Забава гэта, варта сказаць, не танная. Адзін такі беспілотнік, альбо дрон, каштуе каля 60 тысяч еўра. Ён можа бязгучна лятаць больш за 80 хвілін на вышыні 150 метраў з хуткасцю 54 кіламетры за гадзіну.

Калі нямецкія чыгуначнікі з дапамогай беспілотнікааў спрабуюць пазбавіцца непажаданых стратаў, то ў ЗША імі, наадварот, зарабляюць. Сайт technologeek.net у пяцёрцы самых незвычайных выкарыстоўванняў беспілотнікаў пазначае продаж нерухомасці.

Technologeek.net: “Дроны забяспечваюць ідэальны спосаб для таго, каб сфатаграфаваць элітныя дамы з вышыні птушынага палёту. Такім чынам дроны дадаюць добры інструмент у арсенал прадаўцоў нерухомасці”.

Беспілотнымі верталётамі карыстаюцца і… футбольныя фанаты. Нядаўна так зрабілі прыхільнікі маскоўскага “Тарпеда”, запусціўшы беспілотны верталёт над стадыёнам падчас гульні і прычапіўшы да яго банар, адрасаваны прэзідэнту клуба, з якім яны ваююць.

Фота: sovsport.ru

Вядома, што авіятэхніка патрэбная і вайскоўцам. Напрыклад, ЗША выкарыстоўвалі дроны падчас баявых дзеянняў у Емене і Пакістане. Гэта, дарэчы, няўдалы прыклад, бо пад агонь амерыканскіх дронаў у асноўным траплялі мірныя людзі: паводле ацэнак праваабаронцаў, з 82 чалавек, забітых падчас шасці авіяўдараў, 57 былі мірнымі.

Цікава, што такая тэхніка нядрэнна развіваецца ў Беларусі: эксперты кажуць, што наша краіна выходзіць у рэгіянальныя лідары па распрацоўцы дронаў. Дый на сусветным рынку ўсё часцей з’яўляюцца беларускія беспілотнікі. Раней прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч казаў пра продаж беспілотнікаў В’етнаму, нядаўна ж кіраўнік краіны дамаўляўся аб іх пастаўцы Туркменістану. 

Фота: goodfood.com.au

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі