У Беларусі хочуць падняць тарыфы за перарасход вады
Ужо з 1 студзеня ў Беларусі могуць павялічыць тарыф за ваду ў кватэры, спажытую звыш нормы (цяпер ліміт складае 140 літраў у суткі на аднаго зарэгістраванага ў кватэры). А вось тарыфы на цеплавую энергію для жылля, у якім ніхто не прапісаны, прапануецца знізіць. Такія варыянты зменаў атрымалі бізнэс-саюзы для ўзгаднення і збору прапаноў, піша tut.by.
Сёння плату за "лішнюю" ваду і з уласнікаў "пустога" жылля спаганяюць паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу. Але на гэтую норму ўсе плацельшчыкі павінны выйсці на пачатак наступнага года. Таму за "лішнюю" ваду і за ацяпленне пустога жылля прапаноўваецца плаціць у адпаведнасці з павышальным каэфіцыентам у 1,3.
Цяпер субсідаваны тарыф на ваду складае 0,5748 рубля за кубаметр. З 1 студзеня тарыф для тых, хто ўкладваецца ў ліміты, прапануецца ўзняць да 0,8163 рубля за кубаметр. За перарасход ліміту трэба будзе плаціць паводле павышанага тарыфу ў 1,0612 рубля за кубаметр. Тарыф з павышальным каэфіцыентам у 1,3 будзе дзейнічаць для "пустога" жылля, нежылых памяшканняў, якія выкарыстоўваюцца для асабістых мэтаў, ПУП і для кватэраў, у якіх не ўсталяваныя прыборы індывідуальнага ўліку расходу вады пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці.
Таксама з 1 студзеня ў Беларусі хочуць знізіць эканамічна абгрунтаваны тарыф на ацяпленне (гэта значыць поўны, па якім разлічваюцца ўласнікі кватэр, у якіх ніхто не зарэгістраваны). Цяпер ён складае 91,18 рубля за 1 Гкал, а ў студзені 2018-га мусіць знізіцца да 86,41 рубля за 1 Гкал. Гэта значыць, уласнікам "пустых" кватэраў давядзецца менш плаціць за ацяпленне.
Субсідаваны тарыф на цеплаэнергію для ацяплення і гарачага водазабеспячэння зараз складае 16,9259 рубля за 1 Гкал. А з 1 студзеня ён павінен вырасці да 21,3801 рубля за 1 Гкал.