У Беларусі каля мяжы з Польшчай стартавалі вучэнні тэрабароны

Удзельнікаў тэрабароны вучаць працы на КПП, ахове важных аб'ектаў, абароне ад дыверсантаў / t.me/modmilby/
У Беларусі каля мяжы з Польшчай стартавалі вучэнні тэрабароны. Яны працягнуцца з 25 сакавіка да 18 красавіка ў Гродзенскім раёне. У Мінабароны падкрэсліваюць, што згаданы "вучэбны збор" быў раней запланаваны.
Сярод іншага будуць адпрацоўвацца "пытанні фармавання, падрыхтоўкі і прымянення атрада народнага апалчэння" ("апалчэнцаў" набіраюць з лаяльных рэжыму Лукашэнкі людзей).
Паколькі задзейнічаюць "супрацьтанкавыя артылерыйскія падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў", заняткі пройдуць і на палігонах. У сярэдзіне красавіка правядуць камандна-штабное вучэнне.
Тэрабарона — гэта асобны род войскаў ва Узброеных сілах Беларусі, які склікаецца толькі на час вайны або ў перыяд "напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі". Яна мае дапаможнае значэнне і складаецца з асоб, якія лічацца ў запасе. Удзельнікаў тэрабароны вучаць працы на КПП, ахове важных аб'ектаў, абароне ад дыверсантаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.