У Беларусі пачаўся чарговы працэс над карупцыянерамі, судзяць 15 чалавек
У Беларусі пачаўся чарговы працэс над карупцыянерамі, судзяць 15 чалавек. На лаве падсудных у судзе Цэнтральнага раёна Мінска — былыя службовыя асобы сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі, а таксама прадпрымальнікі. Як адзначае БЕЛТА, у залежнасці ад здзейсненага, дзеянні гэтых людзей кваліфікаваныя, як хабарніцтва, ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў і падаткаў.
У пачатку мінулага года КДБ выявіў злачынную схему, па якой высокаякасныя піламатэрыялы прадаваліся ў краіны Балтыі фактычна як дровы. Для гэтага выкарыстоўваліся фірмы-пасярэдніцы. З краін Балтыі "дровы" ўжо прадаваліся ў іншыя краіны па коштах высокаякасных піламатэрыялаў. За год за мяжу перапраўлялі 36 тысяч кубоў драўніны. Пасля гэтага скандалу з пасады міністра лясной гаспадаркі быў зняты Міхаіл Амельяновіч.
Як інфармуе tut.by, у клетцы ў зале суда сядзяць толькі двое абвінавачаных — Павел Хадасок, былы галоўны інжынер ва Уздзенскім лясгасе, Аляксандр Корзун, экс-кіраўнік прадпрыемства "Плешчаніцылес". Астатнія 13 абвінавачаных — на першых лавах. Усе яны мужчыны, амаль ва ўсіх ёсць сем'і і дзеці. Летась іх таксама на нейкі час затрымлівалі.