У Беларусі пачынаюцца масавыя праверкі тэхагляду транспарту
У Беларусі пачынаюцца масавыя праверкі тэхагляду транспарту. Яны стартуюць у сераду, 7 жніўня, і працягнуцца дзесяць дзён, інфармуе прэс-служба МУС. Адзначаецца, што гэтае прафілактычнае мерапрыемства накіраванае на змяншэнне колькасці аварый. Менавіта павелічэнне выпадкаў ДТЗ з-за тэхнічнай няспраўнасці аўтамабіляў і сталі прычынай правядзення акцыі "Дзяржтэхагляд". МУС спадзяецца, што ўладальнікі аўтамабіляў будуць больш адказна адносіцца да падтрымання свайго транспарту ў тэхнічна спраўным стане.
Праверкі тэхагляду верагодна пройдуць па ўсёй краіне. МУС паведамляе, што яны будуць адбывацца "у розных населеных пунктах".
Паводле дадзеных ДАІ, сёлета было больш за 195 тысяч выпадкаў затрымання транспартных сродкаў без тэхагляду, з іх паўторна — 75 тысяч.