У Беларусі павышаюць падатак на здачу ў арэнду кватэр і гаражоў
Стаўкі падаткаў на здачу ў арэнду кватэр і гаражоў вырастуць у сярэднім на 7% / sb.by
З 1 студзеня 2022 года ўладальнікі кватэр і нежылых памяшканняў, якія здаюцца ў арэнду, будуць плаціць падаходны падатак па новых стаўках. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце міністэрства па падатках і зборах.
"Стаўкі падатку павялічваюцца на прагнозны ўзровень інфляцыі на 2022 год", — адзначылі ў ведамстве.
Штомесячны плацёж вырасце ў сярэднім на 7%. Калі да гэтага часу ўладальнікі, якія здавалі ў арэнду кватэру, дом або дачу ў Мінску, штомесяц плацілі 34,3 рублі (за кожны пакой), то з 1 студзеня ім адпаведна прыйдзецца плаціць 36,8 рубля.
У абласных цэнтрах стаўка падаходнага падатку за жыллё, якое здаецца ў арэнду, вырасце да 34,5 рублёў, у гарадах Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк, Салігорск — да 22,6, у іншых гарадах — да 16,6.
Павялічваецца падатак і за сдачу ў арэнду машынамесца, гаража і іншых нежылых памяшканняў. Стаўкі падатку можна знайсці тут.
У міністэрстве таксама нагадалі гаспадарам кватэр і гаражоў, што здаюцца ў арэнду, што заплаціць падатак за студзень трэба не пазней за 3 студзеня 2022 года.
Нагадаем, што ў будучым годзе беларускія ўлады разлічваюць утрымаць інфляцыю ў межах 6%. Між тым эксперты Еўразійскага банка развіцця лічаць, што цэны ў Беларусі ў 2022-м могуць вырасці на 7,4%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.