У Беларусі панізяць патрабаванні да здароўя прызыўнікоў і кантрактнікаў
У Беларусі панізяць медыцынскія патрабаванні для службы ў войску / прэс-служба Мінабароны
У Беларусі плануецца змяніць медыцынскія патрабаванні па стане здароўя тых, хто паступае на вайсковую службу. Змены закрануць як тых, хто служыць паводле кантракту, так і прызыўнікоў з рэзервістамі, паведамляе прэс-служба Мінабароны.
У вайсковым ведамстве абгрунтоўваюць гэтую "карэкціроўку" вялікай колькасцю скаргаў "грамадзян, якія лічаць, што патрабаванні да стану здароўя значна завышаныя і не дазваляюць маладым людзям рэалізоўваць мару стаць вайскоўцам".
Падпалкоўнік медыцынскай службы Святлана Кашура кажа, што цяпер паступіць на кантрактную службу замінае "банальная плоскатупнёвасць", "невялікая страта зроку" ці "невялікая лішняя вага". Пры гэтым, дадае яна, маладыя людзі атрымліваюць правы кіроўцы і вядуць здаровы лад жыцця. Таксама, па яе словах, ёсць шэраг захворванняў, якія лічыліся несумяшчальнымі са службай у войску ў 90-х гадах, але цяпер з'явілася новая тэхніка, якая дазваляе служыць нават з такімі захворваннямі. Як прыклад яна назвала вайсковую спецыяльнасць "аператар дрона".
Дарэчы, у 2020-м у Беларусі ўжо абнаўлялі патрабаванні да здароўя прызыўнікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.