У Беларусі распрацуюць тыпавы праект аграгарадкоў для Азербайджана

Аляксандр Лукашэнка змог зацікавіць Ільхама Аліева аграгарадкамі

Аляксандр Лукашэнка змог зацікавіць Ільхама Аліева аграгарадкамі / president.az

У Беларусі распрацуюць тыпавы праект аграгарадкоў для Азербайджана. Пра гэта ў чацвер паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ. Паводле яго слоў, у РБ запрасілі дэлегацыю з Азербайджана для вывучэння досведу будаўніцтва аграгарадкоў і "развіцця на іх тэрыторыі вытворчай базы".

"Мы дамо ім ацэнку і прапануем свае варыянты, — кажа міністр. — Думаю, будзем праектаваць свой тып аграгарадка, уключаючы ў тым ліку вытворчыя аб'екты — малочна-таварныя комплексы".

Перад гэтым Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Баку з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым выказаў жаданне паўдзельнічаць у аднаўленні Нагорнага Карабаха. "Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналогіі", — пералічваў ён. І, як бачым, змог зацікавіць азербайджанцаў аграгарадкамі.

Беларусь прапаноўвала будаваць у Нагорным Карабаху аграгарадкі яшчэ вясной 2021-га. Тады Лукашэнка прыязджаў у Баку і прапаноўваў дапамагчы ў аднаўленні Нагорнага Карабаха. Але нешта пайшло не так. Прайшлі тры гады і прагучалі тыя ж прапановы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі